×

“Акадэмія” для юных інтэлектуалаў

03.10.2019 16:30,

125 вучняў, якія ўключаны ў перспектыўны рэзерв удзельнікаў алімпіяды па вучэбных прадметах, прайшлі інтэлектуальную падрыхтоўку ў “Летняй акадэміі”, якая сёлета адчыніла свае дзверы ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі дванаццаты раз.

На працягу дзевяці дзён юнакі і дзяўчаты ўдзельнічалі ў навучальных мерапрыемствах, творчых конкурсах, пабывалі на экскурсіях, у кінатэатры і інш.

Усе заняткі па вучэбных прадметах у акадэміі праходзяць у невялікіх па колькасці ўдзельнікаў групах. Гэта дазваляе забяспечыць індывідуальную працу з кожным, запаўняючы прабелы ў ведах, прапрацоўваючы неабходную для развіцця навучэнцаў інфармацыю, навучаючы рабоце з дадатковымі інфармацыйнымі крыніцамі. Для працы кожнай мікрагрупы абласнымі трэнерамі распрацаваны праграмы, якія ўключаюць актуальныя тэмы ў адпаведнасці з новымі тэндэнцыямі ў прадметных адукацыйных абласцях.

Становіцца традыцыяй прыцягваць да працы профільнага лагера членаў журы абласной і рэспубліканскай алімпіяд, аспірантаў, студэнтаў, пераможцаў алімпіяды мінулых гадоў.

Арганізатары “Летняй акадэміі” ствараюць умовы для развіцця ва ўдзельнікаў творчага патэнцыялу, удасканалення асобасных магчымасцей, далучэння да культуры, уваходжання ў сістэму сацыяльных сувязей, увасаблення ўласных планаў, задавальнення індывідуальных інтарэсаў у асобасна значных сферах дзейнасці. За дзевяць летніх дзён навучэнцы не толькі пашырылі кругагляд, але і атрымалі веды, якія ім спатрэбяцца для ўдзелу ў алімпіядзе, а таксама добра адпачылі.

Увогуле, кожны праводзіць тут час па-рознаму, але ўсіх аб’ядноўвае імкненне да самаўдасканалення, дасягнення больш высокіх вынікаў. Для кожнага ўдзельніка знаходжанне ў гэтым лагеры мае свой сэнс.

Для ўдзельнікаў акадэміі была арганізавана вялікая культурна-забаўляльная праграма, штодзень маладыя інтэлектуалы пасля заняткаў наведвалі славутасці Гомеля. Фіналам стаў канцэрт закрыцця, падрыхтаваны ўдзельнікамі лагера.

Ганна СМАЛЯРОВА,
метадыст ДУА “Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі”.