×

Асобасны і прафесійны рост

06.06.2019 14:25,

Абласны фестываль “Педагагічныя надзеі — 2019” зусім малады. Сёлета ён трэці раз сабраў настаўнікаў-творцаў Гомельшчыны. 

Вядома, калі настаўнік пастаянна не вучыцца сам, ён ніколі не бу­дзе выдатным спецыялістам. Зараз жа, у час імклівага прагрэсу, развіцця тэхналогій, у тым ліку адукацыйных, нават цяжка сабе ўявіць педагога, які, рыхтуючыся да ўрока, не прасядзеў бы колькі гадзін у інтэрнэце ў пошуку цікавага вопыту, актуальных распрацовак і проста інфармацыі, якая ўпішацца ў тэму заняткаў і захопіць вучняў. Так, сёння ў сусветнай павуціне знойдзецца шмат карыснага і каштоўнага, што можна адаптаваць і выкарыстоўваць у сваёй працы, але жывыя чалавечыя зносіны — гэта зусім іншае, і ў сэнсе перадачы вопыту яны не менш важныя, чым у штодзённым жыцці.

Абласное мерапрыем­ства сабрала творчых педагогаў Гомельшчыны ў дзі­цячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Сядзельнікі”. Галоўныя героі фестывалю — члены абласнога клуба “Зорнае крыло”, які аб’ядноўвае ўдзельнікаў конкурсаў прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” розных гадоў, і педагогі, у якіх гэтыя вяршыні яшчэ наперадзе, — патэнцыяльныя ўдзельнікі конкурсу прафмайстэр­ства.

Асноўнай мэтай “Педагагічных надзей” арганізатары — галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі — ставяць выяўленне ініцыятыўных, энергічных, мэтанакіраваных настаўнікаў, лідараў у адукацыі, лепшы вопыт работы якіх павінен быць абагульнены і распаўсюджаны для выкарыстання калегамі.

Фестываль накіраваны на развіццё творчага патэнцыялу педагогаў, матывацыю да іх актыўнай дзейнасці па абнаўленні зместу адукацыі, рост прафесійнага майстэрства, падтрымку інавацыйных тэхналогій у галіне педагогікі і, самае галоўнае, стварэнне ўмоў для творчай самарэалізацыі і прафесійнага росту настаўнікаў.

Чарговы раз на працягу трох дзён настаўнікі Гомельскай вобласці былі пагружаны ў атмасферу творчага пошуку, арыгінальных знаходак, крэатыўных ідэй і прафесійных зносін. Арганізатары адзначылі, што сёлета і змест мерапрыемстваў фестывалю, і формы іх правядзення адрозніваліся інавацыйнасцю.

Адкрылі “Педагагічныя надзеі” майстар-класы ад настаўнікаў — удзельнікаў конкурсаў прафесійнага майстэрства, а таксама настаўнікаў-метадыстаў. Педагогі падзяліліся з калегамі прафесійным вопытам, прадэманстравалі аўтарскія дыдактычныя сістэмы, якія даказалі эфектыўнасць іх выкарыстання ў педагагічнай практыцы.

Галоўнымі героямі другога дня фестывалю сталі патэнцыяльныя ўдзельнікі будучых конкурсаў прафмайстэрства. Настаўнікі, якія творча працуюць, трансліравалі свае педагагічныя напрацоўкі. Падрыхтоўка, правядзенне, самааналіз і экспертная ацэнка ўрока, распрацаванага падчас фестывалю, дазволілі ўдзельнікам азнаёміцца з конкурсным мерапрыемствам “Урок у незнаёмым класе” і апрабаваць на сабе ролю журы конкурсу.

У плане педагагічнага фестывалю значыліся таксама псіхалагічныя трэнінгі, спартыўна-інтэ­лектуальныя гульні, турнір аратарскага майстэрства. Усё гэта з’ядноўвала ўдзельнікаў. А па вечарах яны разам рыхтаваліся да конкурсных мерапрыемстваў наступнага дня, дапамагалі адно аднаму, раіліся. Гэта, безумоўна, спрыяла не толькі больш цесным зносінам, але і прафесійнаму развіццю, набыццю новых ведаў. А ў цэлым жа “Педагагічныя надзеі” — гэта мерапрыемства, якое дазваляе кожнаму ўдзельніку папоўніць скарбонку сваіх прафесійных навыкаў і распрацовак, вырасці асобасна і прафесійна.

Дарэчы, майстар-класы вопытных педагогаў і міні-ўрокі ў фармаце відэа былі размешчаны на старонцы групы “Педагагічныя надзеі” ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Усе матэрыялы — у адкрытым доступе, прагледзець іх можа кожны жадаючы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі фестывалю.