×

Атрымаць поўную карціну

02.11.2019 15:39,

Дальва, Хатынь, Курапаты… — спіс гэтых мясцін, здавалася б, можна працягваць доўга. Гэта не проста мемарыяльныя комплексы, гэта месцы нацыянальнага смутку, месцы нашай памяці. Але ж як зрабіць, каб гэтая памяць была жывой, каб яна не толькі выхоўвала, але і давала перадумовы для роздуму і для далейшага жыцця?

Адказы на гэтыя і іншыя пытанні шукалі ўдзельнікі першай сустрэчы ў межах міжнароднага мастацкага маладзёжнага праекта “Я хачу атрымаць поўную карціну…”, якая адбылася ў Мінску ў кастрычніку.

Маладыя мастакі з Беларусі, Украіны і Германіі сустрэліся, каб разам ствараць агульныя карціны аб жудасных падзеях Другой сусветнай вайны.

Праект, які аб’яднаў маладых мастакоў з трох краін, рэалізуецца пры падтрымцы фонду “Памяць, адказнасць і будучыня” (Германія) у партнёрстве з Дакументацыйным цэнтрам парахавой фабрыкі Лібенау (Ніжняя Саксонія), Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Узаемаразуменне” (Беларусь) і дзіцячай мастацкай школы з украінскага горада Шостка.

Беларусь у праекце прадстаўляюць маладыя мастакі з Гомеля — выхаванцы Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і мола­дзі і навучэнцы гомельскай сярэдняй школы № 70 для дзяцей з парушэннямі слыху.

Галоўная мэта праекта — захаваць у маладзёжным асяроддзі гістарычную па­мяць аб падзеях і ахвярах той вайны, падтрымаць сувязь паміж пакаленнямі, каб памылкі мінулага не паўтарыліся ў будучыні.

На працягу тыдня падлеткі пабылі ў Дальве, Хатыні, Курапатах, паспелі паслухаць успаміны тых, у каго на вачах спальвалі вёскі, расстрэльвалі дзяцей і старых. Юнакоў і дзяўчат вельмі кранулі аповеды былых вязняў канцлагераў. Менавіта па матывах гэтых успа­мінаў былі створаны сумесныя карціны.

Удзел у сустрэчы даў магчымасць не толькі пазнаёміцца з гісторыяй ваенных па­дзей, але і пераасэнсаваць сваё стаўленне да гэтай тэмы, адлюстраваць яго на палатне. “Адна справа — глядзець фільм ці чытаць кнігу аб вайне, а іншая — слухаць успаміны жывых сведкаў, — адзначыў выхаванец Гомельскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Вадзім Юрусаў. — Мне вельмі цікава, я ўражаны”.

Наперадзе ў маладых мастакоў сумесныя сустрэчы ва Украіне і Германіі. Тут яны працягнуць знаёміцца з тэмамі халакосту, акупацыі Украіны і Беларусі, даведаюцца аб гісторыі нацыянал-сацыялістычнай працы на парахавой фабрыцы Лібенау. Свае эмоцыі і ўражанні маладыя ўдзель­нікі праекта адлюструюць на палотнах.

Па выніках рэалізацыі праекта будзе арганізавана выстава сумесных карцін, а таксама выдадзены мастацкі каталог. Экспазіцыі творчых работ будуць прадэманстраваны ў кожнай краіне.

Уладзімір АЛЕКСАНДРОНЕЦ,
загадчык аддзела Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі.