×

Аўтасправа па-нямецку ў адзін клік

05.03.2020 14:19,

Прэзентацыя вучэбнага дапаможніка і мабільнага дадатку “Нямецкая мова для прафесійных зносін. Аўтасэрвіс. Практыкум” адбылася ў рэжыме вэбінара на ўсю краіну. Трансляцыя ішла з Гомельскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя.


Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Мароз прэзентуе новы дапаможнік.

З 2013 года ўстанова з’яўляецца рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай, на якой паспяхова рэалізуюцца перспектыўныя інавацыйныя праекты. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Мароз разам з выкладчыкам Таццянай Кузьмянковай стварылі інтэрактыўны вучэбны дапаможнік і падчас адкрытай анлайн-сустрэчы прадэманстравалі калегам з усёй Беларусі магчымасці выкарыстання інфармацыйных тэхналогій і некаторых мабільных дадаткаў у адукацыйным працэсе.

У стварэнні дапаможніка сапраўды была неабходнасць, бо сёння пашырэнне інтэрнацыянальных сувязей, развіццё галіны аўтамабілебудавання, інфармацыйнай прасторы, укараненне на вытворчасці дасягненняў навукі і тэхнікі робіць замежную мову запатрабаванай, адзначае метадыст прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Лілія Руцкая:

— Мовы павінны ведаць не толькі інжынеры, але і кваліфікаваныя рабочыя: вадзіцелі, слесары, аўтаперавозчыкі. Калі для навучання англійскай мове па спецыяльнасці “Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” ёсць выбар вучэбных дапаможнікаў, то па нямецкай мове іх недастаткова.

Новы дапаможнік распрацаваны з дапамогай мабільных дадаткаў і сэрвісаў, якія даступны ў любы час і ў любым месцы. Урэшце гэта дапаможа павялічыць прафесійную кампетэнтнасць навучэнцаў, паспрыяе актывізацыі іх пазнавальнай дзейнасці пры атрыманні новых ведаў. Інтэрактыўны дапаможнік з’яўляецца актуальнай альтэрнатывай для навучальных устаноў, якія не заўсёды могуць дазволіць сабе набыць і выкарыстоўваць дарагія сучасныя тэхнічныя сродкі навучання. Тым часам мабільны тэлефон сёння даступны кожнаму навучэнцу.

— Усё вельмі проста, — сцвярджаюць аўтары і дэманструюць свой дапаможнік. Мабільную прыладу ці планшэт трэба паднесці да адпаведнага

QR-кода — і вучэбныя заняткі ў адзін клік становяцца не толькі інфарматыўнымі, але і вельмі цікавымі. Да таго ж тут утрымліваюцца аўдыя- і відэаматэрыя­лы, агучаныя носьбітам мовы. Таксама — аўтарскія мультымедыйныя інтэрактыўныя заданні, абагульняючыя тэсты, распрацаваныя на аснове анлайн-сэрвісаў LearningApps і Quizlet. Такім чынам, навучэнцы не толькі запамінаюць тэхнічныя тэрміны, але і замацоўваюць свае прафесійныя веды, адзначае выкладчык, якая праводзіла майстар-клас “Выкарыстанне мабільных дадаткаў і анлайн-сэрвісаў у адукацыйным працэсе”, Надзея Сарыева:

— Мы спадзяёмся, што іскрынкі нашага творчага падыходу абавязкова перададуцца іншым выкладчыкам і змогуць запаліць натхненне для рэалізацыі ўласных праектаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ.