×

Будзем берагчы свой лес

21.10.2019 16:33,

Сумесная акцыя Краснаборскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна з Ляхавіцкім лясніцтвам прайшла ў найбліжэйшым да аграгарадка Сяменча лясным масіве.

— А хіба дрэвы ў лесе трэба саджаць? Яны ж растуць там вякамі самі па сабе.

— Так, канечне, растуць… Але ж бывае, ці ўраган наляціць, ці пажар здарыцца, жук-караед пашкодзіць, ці шмат яшчэ чаго. Лесу таксама дапамога чалавека патрэбна. А яшчэ ў лесе парадак павінен быць, таму дрэвы будзем саджаць акуратна, роўнымі радамі, як па шнурочку.

Шмат пытанняў гучала ў гэты дзень ў адрас лесніка Ігара Азатавіча Кільдзеева і памочніка ляснічага Сяргея Паўлавіча Кокава. Было відаць, што яны добра ведаюць сваю справу, а яшчэ добрыя настаўнікі, бо цярпліва і падрабязна адказвалі на ўсе запыты дзятвы.

Саджалі бярозу. Бяроза ў беларускіх лясах даволі распаўсюджана. Яна мае вялікае эканамічнае значэнне, дае смачны бярозавік, добрыя дровы. Белая прыгажуня ўспета ў паэтычных творах, у песенным народным фальклоры, яе ўвогуле лічаць шчаслівым дрэвам.

За справу ўзяліся дружна: адны капалі ямкі, другія ставілі дрэўцы, трэція прысыпалі і беражліва прыціскалі зямлёй. Падчас працы дзеці нагадвалі лясных рупліўцаў-мурашоў, дзе кожны ведае сваю справу і кірунак руху: то з дрэўцамі, то па дрэўцы бегалі туды-сюды.

Пастараліся вучні 6 і 8 класаў на славу. У падарунак атрымалі памятныя святлоадбівальныя бірулькі, якія знойдуць сваё месца на школьных ранцах. Працавалі па жаданні ў рамках акцыі “Чысты лес”. Вярталіся стомленыя, але з пачуццём гонару і асабістай значнасці.

— Мы саджалі дрэвы ў лесе! Якімі яны вырастуць?

Хочацца верыць, што бярозы надзейна пусцяць моцныя карані і спраўдзяць сваю важную ролю, адведзеную ім прыродай.

Расціце вялікімі, дрэўцы!


Таццяна ТАЧЫЛА,
класны кіраўнік 6 класа Краснаборскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.