×

Бяспечныя канікулы

09.01.2020 11:37,

Да выхаванцаў санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з захворваннямі касцёва-мышачнай сістэмы, што ў Гомелі, Дзед Мароз са Снягуркай прыехалі на сапраўднай пажарнай машыне.

Такі незвычайны спосаб павіншаваць дзяцей з надыходзячымі святамі выбралі супрацоўнікі МНС у межах рэспубліканскай акцыі “Бяспечны Новы год” і рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Галоўны ратавальнік вобласці — начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзічкоўскі — павіншаваў дзяцей з Новым годам і пажадаў з карысцю правесці канікулы.

На працягу зімовага адпачынку для 155 тысяч школьнікаў рэгіёна былі праведзены прэзентацыі, лекцыі з праглядам відэаролікаў, круглыя сталы, дыспуты, інструктажы па тэхніцы бяспекі. Мерапрыемствы праводзіліся сумесна з прадстаўнікамі УУС, ДАІ, МНС і іншых структур.

Каб адцягнуць дзяцей ад камп’ютараў, акцэн­т быў зроблены на занятках на свежым паветры. На базе школ прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку з удзелам бацькоў. Усе спартыўныя залы школ працавалі да 20 га­дзін. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Жанна Ждановіч расказала, што каткі будуць заліты, а лыжныя трасы пракладзены, як толькі дазволіць надвор'е, а таксама дадала:

— Цяпер задзейнічана 16 басейнаў, якія ёсць у школах рэгіёна. Ажыццяўляліся выезды ў Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, мастацкую галерэю імя Вашчанкі, у палацава-паркавы ансамбль, абласны тэатр, музей ваеннай славы...

Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама Яўген Міткевіч акцэнтаваў увагу на тым, што важна не дапусціць няшчасныя выпадкі з дзецьмі і спрацаваць на апярэджанне:

— Блок актуальных мер, накіраваных на дзяцей, дапаўняе работа з бацькамі. Міжведамасныя камісіі наведваюць складаныя сем’і. Асаблівым клопатам акружаны дзеці-сіроты.

Дарэчы, на базе Спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі прайшлі практычныя заняткі для праблемных сем’яў з Гомельскага раёна. Для таго каб навучыць бацькоў правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях, супрацоўнікі цэнтра не толькі даступна расказалі, але і паказалі, як трэба паводзіць сябе, каб не здарылася бяда. А калі няшчасце адбылося — як выйсці з надзвычайнай сітуацыі з найменшымі наступствамі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены прэс-службай Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС.