×

Бяспека дзяцей – клопат дарослых

05.02.2020 13:49,

Ніхто з нас не застрахаваны ад таго, што ў любы момант можа апынуцца ў зоне небяспечнай падзеі або сітуацыі, якая пагражае здароўю ці жыццю нашаму і нашых дзяцей. 

Небяспека можа падцікоўваць усюды – на дарозе, на вуліцы, дома, у навучальнай установе. Праблема бяспекі дзяцей сёння з'яўляецца адной з самых сур'ёзных і актуальных. На жаль, інфармацыйныя матэрыялы супрацоўнікаў МНС і Дзяржаўтаінспекцыі паказваюць трывожныя лічбы. 

Таму для калектыва Чачэрскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі асноўным дэвізам у працы з дзецьмі з парушэннямі ў развіцці сталі словы “Лепш быць у бяспецы, чым потым шкадаваць”. Навучэнцы ўстановы, як і ўсе дзеці, маюць патрэбу ў адаптацыі да навакольнай рэчаіснасці, фарміраванні ў іх усведамлення бяспечнай жыццядзейнасці. Існуе меркаванне, што “асаблівыя” дзеці не здольныя самастойна прымаць рашэнні ў небяспечных сітуацыях, бо асноўны догляд за імі ажыццяўляюць дарослыя, бацькі і педагогі. Аднак даць магчымасць максімальнай самастойнасці, здольнасці і гатоўнасці дзейнічаць у жыццёва важных сітуацыях – адна з галоўных задач навучання дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці. Тым больш, што пасля заканчэння ўстановы выпускнікі будуць вымушаны сутыкнуцца з рэаліямі жыцця, самастойна абслугоўваць сябе, хадзіць ў магазін, пераходзіць вуліцу, гатаваць ежу.

Як навучыць дзяцей бяспечным паводзінам? Спецыялісты цэнтра лічаць, што ў першую чаргу з навучэнцамі трэба праводзіць пастаянную тлумачальную працу, выкарыстоўваючы прыклады, казкі, малюнкі і ўсё тое, што дапаможа дзіцяці зразумець, якія сітуацыі бываюць небяспечнымі, як дзейнічаць, патрапіўшы ў іх і як іх пазбегнуць. Напрыклад, павучальнай для дашкольнікаў з’яўляецца казка С.Маршака “Кошкін дом”. Калі дзеці чытаюць і абмяркоўваюць літаратурны твор, у іх фарміруецца ўяўленне аб недапушчальнасці свавольстваў з агнём, а таксама небяспечных наступствах пажараў у доме. Пры чым педагогі ўпэўнены, што недапушчальна выкарыстоўваць у дадзеным выпадку формы “забаронена”, “нельга”, “ты абавязаны”, лепш дзейнічае формула “давай вучыцца разам”. Такія сітуацыі правяраюцца ў гульнявой форме, а тлумачэнні лепш падмацоўваюцца даступнымі прыкладамі – з навучэнцамі праводзяцца тэатралізаваныя і сюжэтна-ролевыя гульні. Узмацніць эфект паспяховасці асваення асноў бяспекі жыццядзейнасці дапамагае прагляд мультыплікацыйнага серыяла “Чароўная кніга”, рэкамендаванага МНС. 

Канечне, прывучыць дзяцей да асабістай бяспекі патрабуе вялікай сістэмнай працы, гэта не робіцца хутка, але прыкладзеныя намаганні прывядуць да добрых вынікаў.

Педагогі цэнтра ганарацца, калі бачаць сваіх дзяцей без суправаджэння дарослых на вуліцы або калі яны самастойна наведваюць грамадскія месцы горада. Бяспека дзяцей – клопат дарослых, аднак і дзеці аднойчы становяцца дарослымі. 

Таццяна ДВАРЭЦКАЯ, 
дырэктар Чачэрскага раённага ЦКРНіР.