×

Цэнтр сімволікі ў дзіцячым садзе

12.08.2019 15:20,

Выхаванне патрыятычных пачуццяў у падрастаючага пакалення з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў работы любой установы адукацыі. Гэта мае дачыненне і да ўстановы дашкольнай адукацыі.

Дзецям дашкольнага ўзросту ўжо даступна пачуццё любові да самых блізкіх людзей, да свайго роднага горада, роднай прыроды. А гэта і ёсць пачатак зараджэння пачуцця любові да Радзімы, пачуцця патрыятызму, якое расце ў працэсе пазнання культуры, гісторыі свайго народа і фарміруецца праз мэтанакіраванае выхаванне.

У арсенале нашых педагогаў — разнастайнасць сучасных метадаў і форм арганізацыі работы з выхаванцамі па патрыятыч­ным выхаванні: віртуальныя экс­курсіі, гутаркі, квест-гульні, заняткі, дыдактычныя гульні, забавы, святы, інтэрактыўныя віктарыны і інш.

У выхаванцаў нашага горада ўжо даўно з’явілася магчымасць наведвання выставачнай залы ясляў-сада № 7, які славіцца разнастайнымі аўтарскімі і тэматычнымі выставамі. Асаблівай папулярнасцю сярод дзяцей і педагогаў карыстаецца тэматычная выстава “Беларуская цацка”.

Метады і формы работы па патрыятычным выхаванні могуць быць разнастайнымі, але абавязковай умовай павінна быць адпаведнасць псіхалагічным і ўзроставым асаблівасцям дашкольнікаў.

Дзіцяці-дашкольніку яшчэ складана разбірацца ў палітычным, сацыяльным ці эканамічным жыцці краіны. Для яго галоўным застаецца любоў да сваёй сям’і, свайго роднага горада, гордасць за сваю Радзіму, у тым ліку і павага да яе дзяржаўных сімвалаў, таму што менавіта сімволіка з’яўляецца часткай гісторыі і культуры краіны. На аснове гэтага асаблівае месца ў патрыятычным выхаванні на сучасным этапе адводзіцца цэнтру сімволікі, што арганізоўваецца ў групе, змест якога адпавядае рэалізацыі задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Вельмі важна не прос­та арганізаваць цэнтр сімволікі ў групе, а забяспе­чыць актыўнае яго ўключэнне ў адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйных галін вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі.

Правядзенне конкурсаў на лепшае афармленне цэнтра сімволікі, семінары-практыкумы па арганізацыі работы з выхаванцамі ў цэнтры сімволікі дазволілі не толькі павысіць узровень кампетэнцыі педагогаў у арганізацыі разнастайнай дзіцячай дзейнасці, але і забяспечыць рэалізацыю асноўных патрабаванняў да зместу і арганізацыі цэнтра.

Багаты матэрыял цэнт­ра сімволікі дазваляе ў сваю чаргу цікава, даступна і разнастайна выбуда­ваць адукацыйную прастору з мэтай выхавання патрыятычных пачуццяў у дзяцей дашкольнага ўзросту.

Людміла ЯВАР,
метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі Светлагорскага райвыканкама.