×

ЦТ па фізіцы на 100 балаў: фантастыка або рэальнасць?

18.07.2019 12:27,

Чатыры Уладзіславы, два Іваны, Варвара, Вераніка, Ілья, Валянцін, Вольга, Аліна... Мае дарагія, любімыя вучні! Няма слоў, каб апісаць усе свае пачуцці — я шчаслівая! Я ўдзячна вам за любоў і адданасць фізіцы, высокія інтэлектуальныя здольнасці, адказнасць і стараннасць у падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, як вынік — за выдатныя дасягненні.

   Уладзіслаў Астапенка.

Я ўжо 23 гады працую настаўніцай фізікі ў сярэдняй школе № 8 Гомеля, апошнія 8 гадоў — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Але работа на новай пасадзе не перашкодзіла мне разам з вучнямі развівацца ў вывучэнні фізікі. Урокі, факультатывы па суботах, дадатковыя заняткі падчас канікул — тысячы рэшаных задач цэнтралізаванага і рэпетыцыйнага тэсціравання мінулых гадоў. Я ў літаральным сэнсе слова замучыла адзінаццацікласнікаў фізікай.

У гэтым годзе ЦТ здавалі 24 мае вучні: 14 — з профільнай групы і 10 — з базавай. Іх сярэдні бал склаў 70 (па рэспубліцы — 51,08), ёсць адзін 100-бальны вынік. Уладзіслаў Астапенка — адзін з 15 абітурыентаў у рэспубліцы, якія атрымалі максімальную адзнаку. Мой гонар! Штогод, пачынаючы з 7 класа, Уладзіслаў удзельнічаў у Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы. Займаўся ўпарта. Перамагаў. Апошнія гады хлопец, атрымліваючы дыпломы ІІ ступені на трэцім этапе алімпіяды, на жаль, не трапляў у зборную Гомельскай вобласці на заключны этап. Мы вельмі перажывалі, што так і не змаглі пакарыць рэспубліканскі алімп. Аднак менавіта алімпіядныя навыкі дапамаглі Уладзіславу рашыць самыя складаныя задачы ЦТ (В4 і В12). І які ж прыгожы атрымаўся фінал — 100 балаў!

Таксама У.Астапенка паспяхова ўдзельнічаў у алімпія­дзе Самарскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта імя акадэміка С.П.Каралёва і атрымаў сертыфікат на навучанне ў гэтай установе. У падрыхтоўцы юнака прымалі ўдзел дацэнты кафедры агульнай фізікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны — кандыдат фізіка-матэматычных навук Уладзімір Фёдаравіч Шолах і кандыдат тэхнічных навук Аляксандр Мікалаевіч Купо. Выказваю ім шчырую па­дзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы таленавітага вучня.

З выпускнікамі 2019 года я працавала пяць гадоў, шукала і прымяняла розныя методыкі развіццёвага навучання для павышэння якасці адукацыі. Найбольшы вынік прынесла прымяненне тэхналагічнага інструмента “Перапіска з прафесарам”, аўтарам якога з’яўляецца Ганна Прусак, доктар філасофіі, прафесар акадэмічнага каледжа з Ізраіля. У кастрычніку 2017 года ў Гомелі адбыўся міжнародны аўтарскі семінар прафесара “Тэхналогія развіцця рэфлексіўнага мыслення навучэнцаў”, дзе я апрабавала на сабе дадзеную методыку.

Сутнасць тэхналагічнага інструмента “Перапіска з прафесарам” у наступным: неабходна напісаць ліст прафесару, у якім трэба адлюстраваць цяжкасці, што ўзнікаюць падчас таго ці іншага віду дзейнасці, паглыбіцца ў свае думкі, прааналізаваць работу, яе вынікі. Далей прапануецца напісаць падрабязны ліст-адказ ад імя гэтага прафесара, якім з’яўляецеся вы самі. У гэтым адказе прафесар павінен даць парады і рэкамендацыі наконт таго, што менавіта варта зрабіць, каб справіцца з цяжкасцямі, названымі ў першым лісце. На самай справе гэта хвіліны размовы з сабой.

Пасля азнаямлення з гэтай тэхналогіяй, асэнсавання і праверкі яе на сабе я вырашыла выкарыстоў­ваць “Перапіску з прафесарам” у рабоце з дзецьмі. Прааналізаваўшы адказы навучэнцаў, склала рэйтынг самых распаўсюджаных цяжкасцей, якія ў іх узнікаюць, і парад прафесара. Першае выкарыстанне інструмента дало станоўчы вынік як для вучняў, так і для мяне: усталяваўся больш цесны кантакт з класам, мы зрабілі яшчэ адзін псіхалагічны крок насустрач адно аднаму, намецілі траекторыю далейшага развіцця.

Асвоіўшы і палюбіўшы “Перапіску з прафесарам”, я выкарыстоўвала яе і ў 11 класе. Аднак ад выяўлення цяжкасцей, звязаных з засваеннем вучэбнага прадмета, перайшла да праблем псіхолага-педагагічных. Мае пытанні да навучэнцаў тычыліся ўзаемаадносін з настаўнікамі. Праблематыка лістоў да прафесара гэты раз закранала пытанні развіцця ў дзяцей цікавасці да прадмета праз асобу педагога, паважлівае стаўленне настаўніка да навучэнцаў, даходлівасць падачы настаўнікам матэрыялу і справядлівасць у ацэньванні ведаў.

Тэхналогія “Перапіска з прафесарам” пацвярджае, што ўзаемаадносіны “настаўнік — навучэнец — бацькі” мо­гуць і павінны строіцца толькі на разуменні i даверы. Аднойчы даведаўшыся аб праблемах вучняў, ты ўжо не зможаш адхіліцца ад іх. Далейшая мая работа грунтавалася на дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання, што з’яўляецца эфектыўным сродкам развіцця патэнцыялу навучэнцаў.

Асноўнае прызначэнне інструмента “Перапіска з прафесарам” заключаецца ў вызначэнні цяжкасцей і праблем навучэнца, павышэнні яго самаацэнкі, пашырэнні асабістых магчымасцей. Прымяненне гэтай тэхналогіі не толькі дапамагае вырашаць праблемы ў сферы “настаўнік — вучань”, але і ў большай ступені дазваляе кіраваць псіхолага-эмацыянальнай атмасферай адукацыйнай установы.

Сакрэт поспеху падрыхтоўкі і выніковай здачы ЦТ просты: адзіная мэта ў вучня, настаўніка, сям’і + вялікая карпатлівая работа па яе дасягненні. У фізіцы ёсць з’ява рэзананс. Ён выяўляецца ў рэзкім павелічэнні амплітуды ваганняў пры супадзенні ўласнай частаты з частатой вонкавага ўздзеяння. Гэтак і я разам з маімі хлопцамі і дзяўчатамі ўвайшла ў гэты самы рэзананс.

Я ўдзячна сваім навучэнцам за тое, што, дзелячыся з імі ведамі, атрымліваю, пазнаю і ўсведамляю намнога больш, чым даю ім.

Вера ЛІВАНСКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Гомеля.