×

Цуд у лютым

26.02.2019 11:30,

За акном люты, дрэвы і кусты яшчэ захутаны снегам, а ў 3 “Б” класе гімназіі № 1 Жлобіна на вокнах — царства квітнеючых цюльпанаў.

Хлопчыкі і дзяўчынкі праводзяць даследаванне. Яшчэ ў лістападзе ўсе навучэнцы гэтага класа пасадзілі ў сваіх гаршочках цыбуліны розных відаў цюльпанаў, каб даказаць, што ўзімку, пры пэўных умовах, яны заквітнеюць.

Спачатку гаршочкі з цюльпанамі захоўвалі ў падвале, у халаднаватым месцы. Вялі назіранні за першымі парасткамі, параўноўвалі, якія віды цюльпанаў зрабілі гэта хутчэй. Вымяралі вышыню, таўшчыню сцяблоў, шырыню лісця. Усе назіранні запісвалі. У канцы снежня трэцякласнікі перанеслі парасткі цюльпанаў у клас. Кветкі набіраліся сілы. Святло і цеплыня спрыялі з’яўленню бутонаў.

І вось першыя бутоны раскрыліся. Здагадка пацвердзілася. Колькі было радасці! У клас прыходзілі навучэнцы з іншых класаў, настаўнікі, бацькі. Усіх цешыў гэты цуд сярод зімы. Хлопчыкі і дзяўчынкі беражліва даглядалі кветкі, палівалі, рабілі фотаздымкі і працягвалі назіранні. Кожны дзень з радасцю беглі ў клас, каб паглядзець, ці не распусцілася новая кветка. Вось вам матыў да пазнання і адкрыцця новага.

Такім чынам, навучэнцы 3 “Б” класа з класным кіраўніком Людмілай Пракопенкавай рыхтуюцца да вучэбна-даследчай канферэнцыі, на якой прадставяць сваю работу “Цюльпаны на акне”. Варта адзначыць, што вучні 3 “Б” класа неаднаразова разам з настаўнікам і бацькамі радавалі ўсіх сваімі вучэбна-даследчымі праектамі. Прычым не толькі ў гімназіі. Гэтыя малыя даследчыкі добра паказалі сябе і на абласным адкрытым конкурсе даследчых работ “Навакольны свет вачыма дзяцей”.

Таццяна ПАРХАМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Жлобіна.