×

Цуда-­соты

10.03.2020 11:32,

Выкарыстанне ў сучаснай педагагічнай практыцы разнастайных метадаў, прыёмаў і спосабаў навучання абумоўлена неабходнасцю эфектыўнага вырашэння пастаўленых задач.

У пошуках натхнення і матэрыялаў для папаўнення метадычнай скарбонкі я звярнулася да вопыту не толькі беларускіх, але і замежных педагогаў. Найбольш цікавым для выкарыстання на ўроках па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” бачыцца прыём шасцівугольнага навучання.

Маё знаёмства з гексамі пачалося ў 2017 годзе. Увагу прыцягнулі маленькія соты з кароткімі (і не толькі) запісамі. Новы прыём спадабаўся адразу. Шасцівугольнікі ў педагогіцы ўпершыню пачаў выкарыстоўваць англічанін Расел Тар. Прыём шасцівугольнага навучання яшчэ называюць гексагон-метадам, шасцібаковым прыёмам, прыёмам гексаў або проста сотамі. Слова ўтворана ад англійскага hexagon — “шасцівугольнік”. Прыём вельмі просты ў рабоце, але патрабуе пэўнай папярэдняй падрыхтоўкі. Сутнасць яго заключаецца ў выкарыстанні маленькіх шасцівугольных картак, на якіх змешчана інфармацыя па пэўнай тэме. Падчас работы кожны з гексаў злучаецца з іншымі гексамі рознымі сувязямі. Вучні раскладваюць карткі паводле лагічных сувязей, будуюць з іх розныя фігуры: круг, лінію, кветку і г.д.

Выкарыстанне гексаў на ўроках у пачатковай школе аказалася даволі эфектыўным. Яны дазволілі хутка сіс­тэматызаваць веды вучняў 1 класа па тэме “Жывая і нежывая прырода”. Вакол шасцівугольнай карткі з надпісам “Жывая прырода” вучні расклалі і замацавалі шасцівугольнікі з надпісамі “расліны”, “грыбы”, “чалавек”, “жывёлы”. Затым да паняцця “расліны” вучні дабавілі тлумачэнні “дрэвы”, “травы”, далей да іх дабавілі шасцівугольнікі з тлумачэннямі “дуб”, “сасна”, “бяроза”, “ліпа”, “ружа”, “рамонак” і г.д. Такую ж работу вучні выканалі з шасцівугольнікамі па тэме “Нежывая прырода”. Гэтае заданне паказала першакласнікам сувязі паміж прадметамі.

Прыём дазваляе працаваць з многімі паняццямі і знаходзіць паміж імі лагічныя сувязі, развівае ў вучняў крытычнае мысленне і садзейнічае развіццю навыкаў класіфікацыі прадметаў і паняццяў. Універсальнасць прыёму шасцівугольнага навучання дазваляе выкарыстоўваць гексы на любым уроку і на розных яго этапах. Усе з’явы і паняцці, якія можна прадставіць у схеме ці табліцы, лёгка можна адлюстраваць у выгля­дзе сотаў.

Вольга КАВАЛЁВА,
настаўніца пачатковых класаў Старасельскага ясляў-сада — сярэдняй школы Рагачоўскага раёна.