×

Дабро заўсёды побач

22.07.2019 12:31,

Усе людзі нараджаюцца з добрай душой. Дзе жыве дабрыня там любоў, здароўе і прыгажосць. Даўно ўжо заўважана, што добры чалавек заўсёды акружаны шчырымі людзьмі, а гэта багацце нельга параўнаць ні з якімі матэрыяльнымі выгадамі. Усім вядома, што дабрыню і любоў нельга купіць за грошы. Яна, як чароўныя лекі, вылечвае ад шматлікіх хвароб. Трэба навучыцца быць добрым да ўсяго навакольнага.

У кожным з нас ёсць маленькая часцінка дабрыні. Як маленькае сонейка, яна жыве з намі і блізкімі нам людзьмі, нашымі сябрамі і проста з тымі, хто нас акружае. Дабрыня чалавека, яго дапамога саграваюць нас, як далікатнае вясновае сонейка. Міхаіл Прышвін адзначаў, што дабрыня — гэта сонца, якое сагравае душу чалавека. Усё добрае ў прыродзе — ад сонца, а ўсё лепшае ў жыцці — ад чалавека і яго дабрыні.

Дабрыня — тое, што робіць нас чалавечнымі. Гэта і стала асновай работы валанцёрскага атрада “Надзея” сярэдняй школы № 3 Нароўлі.

Адзін з асноўных прынцыпаў валанцёрства — шчодра дзяліцца энергіяй і любоўю да жыцця з акружаючымі. Добраахвотная дзейнасць дае шмат магчымасцей, якія дазваляюць па-новаму паглядзець на сябе і навакольны свет, чаму-небудзь навучыцца, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. І гэтая бескарыслівая праца валанцёраў заўсёды ўзнагароджваецца. Узамен яны атрымліваюць словы падзякі, а таксама магчымасць пабываць у цікавых месцах, завесці новыя знаёмствы і атрымаць жыццёвы вопыт.

Валанцёры нараўлянскай сярэдняй школы № 3 — навучэнцы 5—7 класаў. Яны шчодра дзеляцца дабрынёй і цяплом свайго сэрца з іншымі, іх дэвіз — “Дабрыня заўсёды побач”.

Валанцёрскі атрад “Надзея” аказвае шэфскую дапамогу выхаванцам ясляў-сада № 6 Нароўлі. Тры дні на тыдзень хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць дашкольную ўстанову, праводзяць рухавыя гульні на свежым паветры, спартыўныя заняткі, забаўляльныя мерапрыемствы для дзецей сярэдняй і старшай груп.

Кожны раз члены валанцёрскага атрада сустракаюцца з вясёлымі і радаснымі вачыма малых, якія чакаюць старэйшых сяброў з нецярпеннем. І як важна пры новай сустрэчы пачуць: “Вось нашы дзяўчынкі!”.

Наведваючы ветэрана педагагічнай працы Алену Анатольеўну Сальнікаву, настаўніцу абслуговай працы з працоўным стажам каля 40 гадоў, яшчэ раз пераконваешся, што валанцёрам быць выдатна. Алена Анатольеўна і сёння не можа сядзець склаўшы рукі. Кожную хвіліну, кожны дзень яна знаходзіць сабе занятак па душы: бісерапляценне, шыццё, праца з кардонам, каляровай паперай. І ўвесь гэты бясцэнны вопыт яна гатова перадаць дзецям з валанцёрскага атрада. У такія хвіліны здаецца, што Алена Анатольеўна вярнулася ў школу, ідзе на ўрок, зноў і зноў перажываючы хай нядоўгія, але шчаслівыя хвіліны сустрэчы. У такі час прыходзіць усведамленне таго, што ты патрэбны дзецям, людзям, сувязь пакаленняў не страчваецца.

Валанцёрскі атрад “Надзея” працягне сваю работу. Валанцёрства мяняе навучэнцаў унутрана і нават знешне. Погляд з абыякавага ператвараецца ў дапытлівы і зацікаўлены, жыццё іх змяняецца і набывае сэнс. У далейшым ім прасцей размаўляць, узаемадзейнічаць і ўключацца ў любую дзейнасць.

Людміла ІВАШКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Нароўлі.