×

Дарогай гонару, доблесці і славы

16.08.2019 14:20,

Патрыятычнаму выхаванню дзяцей у Бобравіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе надаецца вялікае значэнне. 2019 год праходзіць пад эгідай 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Года малой радзімы. Таму не выпадкова быў выбраны напрамак дзейнасці профільнага аздараўленчага лагера “Арыенцір”: грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

З 15 ліпеня па 3 жніўня на базе нашай установы адукацыі быў арганізаваны аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем дзяцей. У ім працавалі 2 змены пад дэвізам “Дарогай гонару, доблесці і славы”. Першая змена гасцінна расчыніла дзверы для 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, сярод якіх былі дзеці з Бакштаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Другая змена – гэта 30 навучэнцаў Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Наш лагер — гэта тэрыторыя актыўнага жыцця. З першага дня выхавальнікі стварылі для дзяцей атмасферу выгоды, гармоніі, прыгажосці, каб зацікавіць, захапіць іх. Пры арганізацыі работы вялікая ўвага ўдзялялася, перш за ўсё, афармленню. Маляўнічыя яркія рэквізіты спрыялі стварэнню ў выхаванцаў станоўчага настрою, эмацыянальнай разгрузкі, атмасферы творчасці.

У аснове развіцця лагернай змены ляжала ідэя сюжэтна-ролевай гульні, мадэль якой падтрымлівалася педагагічным калектывам на працягу ўсяго часу. Агульная задача змен — прайсці “Дарогай гонару, доблесці і славы” і адрадзіць памяць пакаленняў, каб запаліліся на Зямлі Вечныя агні каля абеліскаў Вялікай Айчыннай вайны як даніна памяці подзвігам і мужнасці беларускага народа. Кожны дзень выхаванцы наведвалі адзін з абеліскаў у рамках экскурсій: “Мая Радзіма — Беларусь”, “Назад у мінулае”, “І ў памяці навекі імёны”, “Мы патрыёты сваёй краіны”, “Беларусь турыстычная”, “Вялікая малая Радзіма” і інш. У канцы кожнага дня каля абеліска “запальвалі” Вечны агонь і ўскладалі кветкі.

З першых дзён змены дзеці былі ўцягнуты ў калейдаскоп розных падзей: яны ездзілі на экскурсіі, прымалі актыўны ўдзел у спартыўных мерапрыемствах, у конкурсах, віктарынах і гульнявых праграмах, гулялі на свежым паветры.

Дні ў лагеры былі насычаны мерапрыемствамі, творчымі заняткамі і забавамі: квест-гульня “Юныя следапыты”, сэлфі-конкурс “Крэатыўнае фота”, віртуальная экскурсія “Па знакамітых мясцінах Беларусі”, ваенна-спартыўныя гульні “Ваенны палігон” і “Зарніца”, гульня “Апошні герой”, танцавальны флэш-моб “Мы любім Беларусь!”, конкурс на лепшае #ЗЛЖ-сэлфі, конкурс чытальнікаў “Дарогай гонару, доблесці і славы”, інтэлектуальная гульня “Я патрыёт сваёй краіны”, конкурс “Міс і Містар лагера-2019”, экскурсіі ў куток баявой славы і школьны музей “Мова, культура і быт беларусаў”.

Вялікая ўвага ў лагеры “Арыенцір” удзялялася ўмацаванню здароўя дзяцей, таму кожны дзень праводзіліся хвілінкі здароўя і спартыўныя мерапрыемствы. Займальныя конкурсы, жартоўныя эстафеты, спартыўна-інтэлектуальныя спаборніцтвы, марафоны рухавых гульняў выклікалі ў дзяцей захапленне і жаданне ў іх удзельнічаць.

Незабыўныя ўражанні пакінула экскурсія ў горад Ліду. Хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі Цэнтр актыўнага адпачынку і забаў “Палярыс”, Лідскі гісторыка-мастацкі музей і кінатэатр “Юбілейны”, пагулялі ў лазертаг і палазілі па вяровачным гарадку.

Штодзень кожны ацэньваў свой удзел у справах атрада і атрымліваў адзнаку выхавальнікаў. Па выніках дня на вячэрніх узводных праверках лепшым з вучняў, якія праявілі ініцыятыву, знаходлівасць, паказалі добрыя веды па гісторыі і краязнаўстве, атрымалі перамогу ў спаборніцтвах і конкурсах выдавалі пераможныя адзінкі “зорачкі”.

Як шмат цікавых і запамінальных момантаў застанецца ў памяці пасля лагера! Чуць словы ўдзячнасці, бачыць задаволеныя твары дзяцей — лепшая ўзнагарода для педагога!

Леакадзія ТУЛЬКО,
старшы выхавальнік аздараўленчага лагера “Арыенцір” Бобравіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.