×

Дарылі ўсмешкі

15.03.2019 16:16,

Савет старшакласнікаў сярэдняй школы № 8 Светлагорска правёў маштабную акцыю пад назвай “Падары ўсмешку маме”.

У рух уключыліся навучэнцы малодшых і сярэдніх класаў. Першаклашкі пад кіраўніцтвам старэйшых таварышаў з вялікім стараннем рабілі віншавальныя паштоўкі. Паміж навучэнцамі 2—4 класаў прайшоў конкурс малюнкаў у намінацыях “Гэта мая мама!” і “Віншавальная паштоўка”. У фае школы, акрамя арыгінальнай фотазоны, была аформлена выстаўка найлепшых работ. Малыя з гонарам дэманстравалі свае малюнкі сябрам і бацькам.

І, канечне, не абышлося без святочнага канцэрта. Дырэктар школы Ала Манкевіч цёпла павіншавала ўсіх прысутных. Хлопцы і дзяўчаты радавалі цікавымі нумарамі. У рамках святочнай акцыі юныя артысты наведалі з канцэртам Светлагорскае ўпраўленне буравых работ, дзе былі цёпла прыняты гледачамі і падарылі мора незабыўных эмоцый.

Завяршальным акордам нашай акцыі стала віншаванне жанчын на вуліцах горада. Да паштовак, зробленых малымі, старшакласнікі дадалі святочныя віншаванні, кулінарныя рэцэпты, карысныя парады і з добрым настроем дарылі мінакам.

Людміла ЯЎЗРЭЗАВА,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 8 Светлагорска.
Фота Вікторыі ЯРЭЦ.