×

Даследчая дзейнасць як матывацыя

15.03.2019 15:20,

II адкрыты школьны конкурс даследчых работ для вучняў пачатковых класаў “Я спазнаю свет” (з міжнародным удзелам) адбыўся ў сярэдняй школе № 11 Светлагорска.

Спытайце любога першакласніка, які збіраецца ў школу, ці хоча ён вучыцца. Адказ будзе абавязкова станоўчы. Прычым кожны мае намер вучыцца толькі на дзясяткі. Першы час сама пазіцыя вучня, жаданне заняць новае становішча ў грамадстве — важны матыў, які вызначае гатоўнасць, жаданне вучыцца. Але такі матыў без падтрымкі хутка гасне.

Каб з першых гадоў навучання школа не была для дзіцяці ў цяжар, трэба паклапаціцца аб абуджэнні матывацыі да вучобы. Інакш кажучы, мэта педагога першай ступені адукацыі ў тым, каб стварыць атмасферу, у якой дзіця хацела б вучыцца, каб адчувала задавальненне ад самога навучання.

На жаль, па-ранейшаму традыцыйнае навучанне будуецца не на метадах самастойнага, творчага даследчага пошуку, а на рэпрадуктыўнай дзейнасці, накіраванай на засваенне ўжо гатовых ісцін. Вынікам становіцца страта дапытлівасці, здольнасці самастойна думаць.

Педагогі-пачаткоўцы нашай школы перакананыя, што ў пачатковых класах быў, ёсць і будзе толькі адзін спосаб узняць цікавасць дзіцяці да вучэння — выкарыстоўваць дапытлівасць, даверлівасць і адкрытасць. Дасягнуць гэтай мэты можна, узброіўшы навучэнцаў даследчымі ўменнямі.

Мэтанакіравана працаваць над праблемай педагогі пачалі ў 2015 годзе. Першым крокам у гэтым кірунку была падрыхтоўка дзяцей да школьнай навукова-практычнай канферэнцыі “Я спазнаю свет”. Ужо тады стала зразумела, што, працуючы над даследаваннямі, мы выходзім на якасна новы віток узаемадзеяння з дзецьмі. Як настаўнікі, так і бацькі адзначаюць непадробную цікавасць дзяцей даследчай дзейнасці. Даследчай дзейнасцю за пяць гадоў ахоплена больш за сто вучняў пачатковай школы. Заканчваючы першую ступень навучання, яны не расстаюцца з даследчай дзейнасцю, актыўна прымаюць удзел у школьнай канферэнцыі “Першыя крокі ў навуку”, прадстаўляюць школу на раённай навукова-практычнай канферэнцыі. Сярод нашых хлопчыкаў і дзяўчынак — пераможцы раённых і абласных канферэнцый для навучэнцаў І ступені адукацыі.

Школьны конкурс даследчых работ — гэта адукацыйны праект, арыентаваны на інтэлектуальнае развіццё дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Яго задачы — садзейнічаць развіццю пазнавальнасці і даследчай актыўнасці, стымуляваць цікавасць да навукі, а таксама фарміраваць у педагогаў навыкі метадычнага суправаджэння даследчай дзейнасці вучняў.

Асаблівасцю адкрытага школьнага конкурсу даследчых работ для вучняў 1—4 класаў “Я пазнаю свет” з’яўляецца наяўнасць адзінага тэматычнага поля, у якім кожны ўдзельнік знаходзіць для сябе цікавы аспект. Такая ўмова дапамагае вырашыць складанае пытанне, з якім сутыкаецца кожны даследчык: выбар тэмы. Акрамя таго, адзіная тэма палягчае працу журы, робіць шанцы юных даследчыкаў роўнымі на старце, бо вельмі складана параўноўваць разнапланавыя працы з розных адукацыйных абласцей.

Па ўмовах конкурсу кожны год праблемнае поле змяняецца. Так, у 2018 годзе юным даследчыкам было прапанавана вывучыць тэму “Сабакі”. А для даследавання дзеці абралі самыя разнастайныя кірункі: “Сабакі-ратавальнікі”, “Дзе знайсці лепшага сябра?”, “Праблема бяздомных сабак”, “Сабакі — героі мастацкіх твораў”, “Таямніцы і асаблівасці мовы сабак” і інш.

Сёлета маленькія знаўцы працавалі над тэматыкай “Казка”. І зноў здзіўлялі разнастайнасцю тэм. Вучні апісвалі вобразы літаратурных герояў, параўноўлі беларускія, рускія, нямецкія, японскія казкі, дапаўнялі работы аўтарскімі ілюстрацыямі, сваімі казкамі, тэматычнымі лэпбукамі.

Дарэчы, школьны конкурс даследчых работ ужо стаў адкрыты. Да ўдзелу мы запрасілі іншыя школы Светлагорскага раёна і ўстанову-партнёра — сярэднюю школу № 8 г. Іванцееўка, з якой у нашага калектыву добрыя кантакты. Усяго ў адкрытым конкурсе прынялі ўдзел больш за 20 хлопчыкаў і дзяўчынак школ раёна. Юныя расійскія даследчыкі прадставілі 7 работ. Абарона праведзенага даследавання ажыццяўлялася з дапамогай відэа. Журы і ўдзельнікі секцый у аўдыторыях праглядалі відэаабароны і ацэньвалі канкурсантаў.

Педагогі сярэдняй школы № 11 Светлагорска падыходзяць да падрыхтоўкі конкурсу даследчых работ творча і комплексна, з улікам узроставых асаблівасцей юных даследчыкаў. У праграме правядзення конкурсу, акрамя ўрачыстага адкрыцця, пасяджэнняў секцый, падвядзення вынікаў, ёсць месца таксама для забавы і змястоўнага вольнага часу, тэма якога перагукаецца з тэмай канферэнцыі. Пакуль журы падводзіць вынікі, юныя даследчыкі робяць вырабы.

Калі конкурс завяршаецца, пытаюцца пра тэму наступнай сустрэчы. Лічым, што гэта галоўны паказчык эфектыўнасці нашай працы: педагогам школы ўдалося знайсці сваю нішу ў велізарнай і насычанай адукацыйнай прасторы раёна. І галоўнае — нам удалося запаліць у вучняў іскрынку да ўсяго падыходзіць з пазіцыі даследчыка, самім аналізаваць з’явы і факты і свядома набываць новыя веды.

Таццяна КАЛЕСНІКОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 Светлагорска.