×

Дастойная змена абаронцам Радзімы

21.09.2019 11:54,

У сярэдняй школе № 57 Гомеля стартаваў адукацыйны праект “Магчымасці адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў”.

Праект быў ініцыіраваны кіраўніком адміністрацыі Чыгуначнага раёна  Гомеля Віталем Уткіным па ўзгадненні з выконваючым абавязкі камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-маёрам Ігарам Бурмістравым.

Навучэнцы 8 “А” і 8 “Б” класаў у параднай вайсковай форме стройнымі радамі выйшлі на ганаровыя месцы школьнай лінейкі пад марш інструментальна-духавога аркестра вайсковай часці 5525 Гомеля. Бліскучыя на сонцы кукарды, страявая выпраўка і нясмелыя ўсмешкі на тварах выдавалі радасць і невялікае хваляванне.

Павіншавалі юнакоў і дзяўчат з новым этапам іх вучнёўскага жыцця і пажадалі быць навучэнцамі, годнымі мундзіра, госці школы: кіраўнік адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Віталь Уткін, намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Віталь Атаманчук, камандзір вайсковай часці 5525 Андрэй Смірноў. У сваім віншаванні кіраўнік раёна адзначыў важнасць развіцця і захавання доблесных традыцый беларускага народа ў справе абароны Радзімы, ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі. Асабліва гэта сімвалічна ў год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У гэтым навучальным годзе ў ходзе вучэбна-выхаваўчага працэсу вучняў ваенна-патрыятычных класаў чакае цікавае і плённае супрацоўніцтва з вайсковай часцю 5525 і ваенна-транспартным факультэтам Беларускага дзяржаўна­га ўніверсітэта транспарту.

Без сумненняў, строгая форма дысцыплінуе навучэнцаў, робіць іх больш адказнымі і стараннымі, што асабліва патрэбна ў наш час падрастаючаму пакаленню. Акрамя вучобы, у хлопцаў і дзяўчат наперадзе шмат займальных па­дзей (квесты, спаборніцтвы, конкурсы, займальныя паездкі), што разам са спасціжэннем асноў ваеннай падрыхтоўкі будзе спрыяць фарміраванню гарманічна развітых асоб, сапраўдных патрыётаў нашай краіны, здольных не толькі на словах, але і на справе ўнесці ўклад у яе абараназдольнасць, развіццё і росквіт.

Ларыса КАПЕРЦЕХАВА,
дырэктар сярэдняй школы № 57 Гомеля.