×

Для цела і духу

01.11.2019 11:35,

Фізічнае развіццё навучэнцаў — тэма, якая хвалюе кожную ўстанову адукацыі. Фізічнае развіццё не можа ісці асобна ад выхавання маральна-валявых якасцяў.

Для таго, каб выявіць найбольш эфектыўныя формы, метады і прыёмы арганізацыі працы навучэнцаў для дасягнення абедзвюх мэтаў, я запланаваў мерапрыемствы псіхолага-педагагічнага і метадычнага ўзроўню, практычную работу.

Першым крокам стала вывучэнне метадычнай літаратуры па развіцці маральна-валявых якасцяў і псіхолага-педагагічных дапаможнікаў пра асаблівасці маральнага выхавання. Другім я выбраў тое, што бліжэй самому. Гэта методыка, апісаная М.М.Абозавым, якая прызначалася для характарыстыкі праяўлення сілы волі.

Вось і прыйшла чарга прымяніць усё на практыцы. У мінулым навучальным годзе мною быў запланаваны і праведзены ўрок па фізічнай культуры і здароўі ў 5 “Б” класе на тэму “Спыненне крокам і скачком. Перадачы мяча ад пляча ў руху”.

Наступным крокам стала правядзенне спартыўнага мерапрыемства для вучняў 6-7 класаў “У краіне спорту і здароўя”. Мэта — сфарміраваць маральна-валявыя якасці (адказнасць за свае ўчынкі і паводзіны таварышаў, зацікаўленасць у агульным поспеху, сіла волі, імкненне да дасягнення высокіх вынікаў). Таксама важным дадаткам у практычнай частцы сталі распрацоўкі электронных прэзентацый на разнастайныя тэмы, арганізацыя тэсціравання фізічных якасцяў навучэнцаў. Для гэтага я выкарыстаў методыку вывучэння імпульсіўнасці і валявой рэгуляцыі падлеткаў, методыкі “Сацыяльная смеласць” і “Самаацэнка сілы волі”. Вынік не прымусіў сябе чакаць: да канца навучальнага года фізічныя магчымасці навучэнцаў павялічыліся ў 2 разы.

Вядома, былі складанасці, бо не заўсёды атрымліваецца зацікавіць сваім прадметам. Аднак гэта не павінна спыняць настаўніка перад самаразвіццём і пошукам лепшага для паспяховай працы.

Уладзіслаў МАКСІМЕНКА,
настаўнік фізічнай культуры і здароўя гімназіі Нароўлі Гомельскай вобласці.