×

Дыялог са студэнцтвам

19.03.2020 14:41,

Літаратурны музей Alma mater, цэнтр навучання кітайскай мове, літаратурна-асветніцкі цэнтр “Патрыётыка” на філалагічным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны… У аўтарытэтную вышэйшую ўстанову Гомельшчыны завітаў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч і сустрэўся з кіраўніцтвам УВА, выкладчыкамі, супрацоўнікамі і студэнтамі. Адкрыты дыялог прайшоў у межах адзінага дня інфармавання “Сацыяльна-эканамічны стан рэгіёнаў і перспектывы іх развіцця”.

Аляксандр Карлюкевіч адразу ж адзначыў, што размова пойдзе пра тое, што цікавіць студэнцкую моладзь, выкладчыкаў універсітэта. Міністр пацікавіўся ў аўдыторыі, з чаго пачынаецца інфармацыйны парадак дня. Юнак адказаў, што з прагляду навін:


Міністр інфармацыі А.Карлюкевіч і рэктар ГДУ імя Ф.Скарыны С. Хахомаў.

— Чалавека заўсёды цікавіць тое, з чым жыццё знаходзіцца ў прамым кантакце. Інфармацыйнае праблемна-тэматычнае поле фарміруе сам чытач, глядач, слухач, карыстальнік сацыяльных сетак. Менавіта ён уплывае на змест, кантэнт, фармат.

Размова зайшла пра актуальныя фарматы выданняў сродкаў масавай інфармацыі, якія аказваюць уплыў на фарміраванне светапогляду маладых людзей. Студэнты-філолагі закранулі тэму падтрымання цікавасці да папяровых выданняў. Міністр падкрэсліў, што сёння на медыяпрасторы для газет важна стварыць моцную рэдакцыю, якая, акрамя традыцыйнага папяровага фармату, паралельна павінна мець канкурэнтаздольны прадукт у інтэрнэце.

Загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры Іван Афанасьеў агучыў заклапочанасць аб захаванні і абароне, у тым ліку на заканадаўчым узроўні, гістарычнай праўды пра падзеі ваеннага часу, аб партызанскім руху. Міністр адзначыў, што гэтыя аспекты знайшлі адлюстраванне ў Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Ён дадаў, што ў парламенце рыхтуюцца чытанні, звязаныя з 75-годдзем Вялікай Перамогі, дзе гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца. Дыялог атрымаўся карысным, адзначыў напрыканцы Аляксандр Карлюкевіч:

— Вельмі прыемна, што было столькі цікавых пытанняў і задавалі іх у асноўным не выкладчыкі, а студэнцкая моладзь. Былі пытанні пра самаідэнтыфікацыю нашай суверэннай краіны — мне здаецца, гэта актуальна. З цікавасцю адказваў на тыя пытанні, што звязаны з гісторыяй, асветніцтвам. Шмат новага адкрыў для сябе не толькі пра Гомельшчыну, але і пра Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны. Студэнты ўважлівыя да айчынных масмедыя, цікавяцца іх роляй у сацыяльным, эканамічным жыцці грамадства. Гэта гаворыць пра высокі палітычны ўзровень студэнцкай моладзі, пра яе грамадскую і сацыяльную актыўнасць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.