×

Дзеці павінны быць разам

12.12.2019 15:46,

У яслях-садзе № 2 Рэчыцы адбылася традыцыйная сустрэча бацькоў і выхаванцаў установы з навучэнцамі Рэчыцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. 

Галоўная мэта такіх мерапрыемстваў — звярнуць увагу на праблемы людзей, якія маюць слабае здароўе, патрэбу ў асаблівай дапамозе і падтрымцы.

Усё часцей гучыць у нашым грамадстве тэма інклюзіўнай адукацыі. “Дзеці павінны быць разам” — галоўная ідэя гэтай сустрэчы. Мы, настаўнікі-дэфектолагі, абмеркавалі з бацькамі сутнасць і асаблівасці інклюзіўнай адукацыі, пры якой усе дзеці ў незалежнасці ад іх фізічных, псіхічных, інтэлектуальных і іншых асаблівасцей уключаны ў агульную сістэму адукацыі. Цікавым і пазнавальным быў матэрыял пра дасягненні людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гульнявыя трэнінгі дапамаглі дарослым усвядоміць складанасць чалавечых узаемаадносін, узаемасувязь паміж сабой, адчуць, што кожны асобна каштоўны ў грамадстве.

Выхаванцы старшай групы “Вясёлыя рабяты” разам з выхавальніцай Надзеяй Каваленка запрасілі маленькіх гасцей у імправізаванае падарожжа ў Краіну добрых спраў. Хлопчыкі і дзяўчынкі пазнаёміліся з казкай “Асколкі дабрыні”. І нягледзячы на тое, што дзецям патрабавалася дапамога дарослых, каб зразумець адзін аднаго, яны разам пабудавалі гару добрых спраў і выгадавалі дрэва добрых сэрцаў. У самым канцы сустрэчы выхаванцы дзіцячага сада падарылі зробленыя сваімі рукамі добрыя сэрцы.

Завяршыўся вечар канцэртнай праграмай для ўсіх гасцей нашага сада, якую падрыхтавалі музычныя кіраўнікі з выхаванцамі ўстановы і навучэнцамі школы-інтэрната. На вочы дарослых накочваліся слёзы пры выступленні дзяцей са школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху. Шмат цёплых слоў прагучала ў гэты вечар, падбадзёрвалі гучныя апладысменты і падарункі ад бацькоўскага камітэта.

Як убачылі гэта мерапрыемства нашы маленькія выхаванцы? Яны пазнаёміліся з дзецьмі з асаблівым успрыманнем свету і адной дружнай камандай гулялі, танцавалі, размаўлялі. У нейкі момант здавалася, што ўсе перашкоды былі сцёртыя, усе дзеці былі разам і ўсе роўныя. 

На наш погляд, такіх мерапрыемстваў павінна быць больш. Яны выхоўваюць у дзіцяці памяркоўнасць, добразычлівасць, узаемадапамогу і жаданне ўзаемадзейнічаць з асаблівымі дзецьмі. 

Алеся ФЕАКЛІСТАВА,
Таццяна ДРУК,
настаўнікі-дэфектолагі ясляў-сада № 2 Рэчыцы.