×

Дзень роднай мовы

08.02.2019 16:50,

Па падліках замежных спецыялістаў, беларуская мова ўваходзіць у першую сотню самых дасканалых і распрацаваных моў. Гэта значыць, што займае належнае месца не толькі сярод славянскіх моў. Створана багатая пісьмовая спадчына. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. 21 лютага ЮНЕСКА абвясціла Міжнародным днём роднай мовы, каб папярэдзіць знікненне асобных гаворак свету і захаваць моўную разнастайнасць. Мы хочам паказаць, што беларуская мова не толькі жыве і развіваецца, але і натхняе на цікавыя і яскравыя праекты, добрыя справы.

Стала добрай традыцыяй напярэдадні гэтай даты праводзіць у школьных установах тыдні беларускай мовы і літаратуры. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры нашай школы даносяць такім чынам да вучняў значнасць гэтага свята, дапамагаюць усвядоміць думку аб неабходнасці клапаціцца пра бытыванне роднай мовы, абапіраючыся на лепшыя традыцыі: фальклорныя святы, сустрэчы з майстрамі беларускага слова — паэтамі і празаікамі, віктарыны, конкурсы чытальнікаў, выстаўкі малюнкаў і інш.

У мерапрыенствах тыдня роднай мовы прынялі актыўны ўдзел вучні і настаўнікі пачатковых класаў. Яны падрыхтавалі выстаўку беларускіх нацыянальных прылад (посцілкі, рушнікі, посуд), выстаўку малюнкаў, на якіх адлюстравалі прыгажосць і непаўторнасць беларускіх краявідаў.

На свята паклікалі гасцей. Гэты былі маленькія выхаванцы дзіцячых садкоў №№ 2, 12, 20 Светлагорска. Вучні 4 “Б” класа падрыхтавалі фальклорнае свята, дзе гучалі песні, прыказкі, загадкі, прысвечаныя Беларусі.

Сярод ганаровых гасцей — Соф’я Шах і Ізяслаў Катляроў, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яны чыталі свае выршы, гутарылі з вучнямі і выхаванцамі садкоў, расказалі аб сваёй творчасці, дзяліліся марамі. Гэта свята дазволіла дзецям больш даведацца пра багатую спадчыну беларускага народа.

У завяршэнні была арганізавана дэгустацыя беларускіх страў. У гліняным посудзе ўсім удзельнікам прапанавалі беларускія дранікі. Смак роднай мовы не павінен забывацца.

Алена КРАЎЧАНКА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 4  Светлагорска.