×

Дзень роднай мовы — заўсёды свята

15.03.2019 14:16,

Сучасныя навучэнцы — актыўныя і крэатыўныя асобы, здольныя да пошуку і развіцця. А дапамагае ў гэтым кірунку развівацца настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Людміла Міфодзьеўна Сыцько.

Арганізацыя пазакласнай работы па вучэбных прадметах — тэма яе педагагічнага вопыту. Ужо шмат гадоў запар настаўніца рыхтуе і праводзіць разам з вучнямі прыгожае свята да Дня роднай мовы. Селетні  Год малой радзімы не стаў выключэннем. Вучняў зноў чакалі падарожжы ў казачны свет роднага слова, знаёмствы з фальклорнымі набыткамі нашага краю, гульні і забавы прабабуль і прадзядуль, музычныя прыпынкі, літаратурныя хвілінкі па творах пісьменнікаў-землякоў, тэатралізаваныя прадстаўленні і шмат пазнавальных мерапрыемстваў.

Самае галоўнае ў настаўніцкай працы — гэта іскрынка ў вачах дзяцей, цікавасць да прадмета, разуменне яго і прымяненне ў жыцці. Бо Дзень роднай мовы — гэта цэлы дзень, калі і вучні, і настаўнікі размаўляюць толькі на роднай мове. Спадзяюся, што гэтак будзе кожны дзень…

Алена МІЦУРА,
кіраўнік школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гуманітарнага кірунку
Конкавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці.