×

Дзiцячая кніга Кiтая для гамяльчан

17.10.2019 11:54,

У Гомелі адкрылася міжнародная перасовачная выстава дзіцячай ілюстраванай літаратуры Кітая. Яна размяшчаецца ў сценах Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны.

— Выстава паспела пабываць у некаторых расійскіх гарадах і, вядома, у сталіцы Беларусі, а зараз эстафету прыняў Гомель, — падзяліўся дырэктар Інстытута Канфуцыя Ван Лэй.

На адкрыцці была прадстаўлена разнастайная праграма з прэзентацыяй кітайскай казкі, выступленнямі выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта з дакладамі, майстэрскай iгрой на кітайскіх нацыянальных музычных інструментах, якую дэманстравалі слухачы падрыхтоўчага аддзялення ўнiверсiтэта. Было яшчэ шмат чаго цікавага, што адлюстроўвае культуру Паднябеснай.

Выстава дазволіла жыхарам Гомеля далучыцца да самабытнай культуры Кітая і ўзаемна ўзбагаціцца. Навучэнцы школ і гімназій Гомеля, якія вывучаюць кітайскую мову, перадалі слухачам неверагодную прыгажосць мудрагелістых выразаў, створаных пакаленнямі кітайскага народа, раскрылі філасофскі сэнс кожнага слова. Таксама вучні падзяліліся сваім вопытам па трэніроўцы вымаўлення. Намеснік дырэктара Інстытута Канфуцыя ГДУ імя Ф.Скарыны прафесар Уладзімір Коваль расказаў пра работу курсаў кітайскай мовы, культурныя і адукацыйныя праекты, якія рэалізуюцца на базе навучальнай установы.

— Мы спадзяёмся, што з дапамогай выставы жыхары Гомеля больш даведаюцца пра Кітай, пачуюць, як гучыць казка на цудоўнай мове, — адзначыў Уладзімір Іванавіч. — Мы хочам паказаць не толькі кнігі, але і тое, чым жывуць дзеці гэтай краіны, чаму іх вучаць.

У экспазіцыі было прадстаўлена мноства кітайскіх казак, кожная з якіх утрымлівае займальныя гісторыі, чароўныя ілюстрацыі і мае глыбокі сэнс.

— Адны кнігі перадаюць асаблівасці жыцця дзяцей у сучасным грамадстве, у другіх адлюстраваны нацыянальныя традыцыі краіны, а трэція вядуць у чароўны свет казкі, з іх дапамогай дзіця пазнае свет, — патлумачыў Ван Лэй. — Гартаючы гэтыя кнігі, можна хаця б на некалькі хвілін перанесціся ў сонечнае дзяцінства. Пагадзіцеся, незалежна ад таго, колькі нам гадоў, кожны з нас заўсёды будзе шанаваць гады юнацтва і назаўсёды захавае ўспаміны пра гэта ў сваім сэрцы.

Палiна НІКАЛАІДЗІ.