×

Дзіцячыя мары спраўджваюцца

09.01.2020 11:32,

Запаветныя жаданні трох маленькіх гамяльчанак выканаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Сёстры напісалі ліст Дзеду Марозу, які прачытаў разам з чараўніком кіраўнік вобласці. Ён і перадаў дзяўчынкам падарункі.

Маці сямейства Марыя Піменава выхоўвалася ў Гомельскім дзіцячым доме і заўсёды марыла пра вялікую сям’ю. Яна вучылася ў сярэдняй школе № 15, дзе і сустрэлася з Вячаславам Паповічам. Маладыя людзі пажаніліся адразу пасля школы. З таго часу Марыя ў дэкрэтным, цяпер — з самай маленькай дачкой Маргарытай. На ўсю сям’ю зарабляе бацька. Ён працуе будаўніком у ААТ “Буравая кампанія “Дэльта”. Гаворыць, работа добрая, але ж звязана са шматлікімі камандзіроўкамі. Таму ўвесь цяжар выхавання дзяцей ляжыць на жонцы.

Мнагадзетныя бацькі адчуваюць падтрымку дзяржавы ў падрыхтоўцы дзяўчынак да школы. Сям’я ў блізкай перспектыве марыць пабудаваць свой дом.

Старэйшай дачцэ Валерыі нядаўна споўнілася 11 гадоў, яна вучыцца ў 5 класе, захапляецца плаваннем і прадстаўляе Гомель на розных спаборніцтвах. Ёй у падарунак дастаўся фітнес-бранзалет. Сярэдняй дачушцы — Аўроры — у лютым споўніцца 7 гадоў. Першакласніца вельмі парадавалася ролікавым канькам, якія марыць асвоіць у найбліжэйшы час. Для двухгадовай Маргарыты — лялька.

— У нас у дзіцячым доме не было такога, каб на Новы год сядзелі за сталом і сустракалі свята з бацькамі і падарункамі, — успамінае Марыя. — Таму я імкнуся, каб Новы год быў сямейным святам для маіх дзетак. Дзеці лю­бяць упрыгожваць ёлку, потым не спяць і чакаюць цуд.

— Акцыя “Нашы дзеці” дае магчымасць пабываць у сем’ях, на навагодніх мерапрыемствах і, вядома, выканаць пажаданні дзяцей, — адзначае старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Салавей. — У навагоднія святы дарослыя павінны стаць для дзяцей добрымі чараўнікамі і выканаць іх запаветныя мары. Прадстаўнікі розных ведамстваў прыкладваюць максімум намаганняў, каб дзеці былі акружаны ўвагай і клопатам. У гэтыя святочныя дні мы, дарослыя, выступаем у ролі Дзеда Мароза. Мы ў сілах выканаць запаветныя дзіцячыя мары.

На правядзенне навагодняй дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” з абласнога бюджэту было выдзелена Br54,6 тысячы, што дазволіла правесці шмат цікавых мерапрыемстваў, набыць падарункі дзецям-сіротам, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Акцыя ў першую чаргу накіравана на дапамогу дзецям-інвалідам, дзецям з мнагадзетных, апякунскіх і прыёмных сем’яў, усім тым, хто мае патрэбу ў асаблівай увазе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.