×

Эх, пракачуся!

17.09.2019 14:38,

Заняткі спортам станоўча ўплываюць на фізічны і эмацыянальны стан чалавека. Яны пазбаўляюць ад стрэсаў, зараджаюць чалавека энергіяй і робяць фігуру больш прывабнай. Веласіпедныя прагулкі адцягваюць ад праблем і аднаўляюць настрой.

Зараз у Брагіне ўстановай “Тэрыторыя ўстойлівага развіцця” сумесна з Фондам “Новая Еўразія” рэалізоўваецца ініцыятыва “Далучэнне насельніцтва Брагіна да спартыўнай дзейнасці праз папулярызацыю веласіпеднага руху”. Былі праведзены пасяджэнні рабочай групы і інфармацыйныя сустрэчы, закуплены і перададзены веласіпеды гімназіі Брагіна, якая з’яўляецца партнёрам праекта “Мясцовыя стратэгіі — права кожнага: укараненне падыходу, заснаванага на правах чалавека, у працэсы развіцця на мясцовым узроўні”.

Не парушаючы правіл язды на веласіпедзе, гімназісты змогуць атрымаць сапраўднае задавальненне ад велапрагулак і па­правіць здароўе.

На пасяджэнні рабочай групы было прынята рашэнне аб правядзенні свята-квеста “Велабум: здароўе, раўнапраўе, экалагічная бяспека”, арганізатарам якога сталі ўстанова “Тэрыторыя ўстойлівага развіцця” і гімназія Брагіна.

У прызначаны час у двары гімназіі хлопцы і дзяўчаты з гонарам хваліліся сваімі веласіпедамі, паказвалі трукі. Адкрылі мерапрыемства дырэктар установы “Тэрыторыя ўстойлівага развіцця” Жанна Чубса і дырэктар гімназіі Наталля Даўжанок. Яны прапанавалі зрабіць такія мерапрыемствы ў гімназіі добрай традыцыяй.

Далей дзеці падзяліліся на чатыры каманды (“Зялёныя”, “Аранжавыя”, “Сінія”, “Чырвоныя”) і атрымалі маршрутныя лісты. На станцыях удзельнікам трэба было паказаць уменне язды на веласіпедзе, аказання першай дапамогі пры ўдарах і траўмах, праявіць кемлівасць, адказваючы на жартоўныя пытанні, звязаныя са сродкамі руху казачных персанажаў, прадэманстра­ваць веданне правіл дарожнага руху, прайсці тэхагляд сваёй веламашыны. Улічвалася не толькі хуткасць перамяшчэння па станцыях, але і эрудыцыя і веды. Удзельнікі квеста прыкладалі намаганні, каб прыбыць да фінішу першымі. Мерапрыемства зарадзіла ўсіх падлеткаў добрым настроем, энергіяй і бадзёрасцю, а пераможцы атрымалі падарункі.

З віншаваннямі да дзяцей звярнулася начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брагінскага райвыканкама Галіна Васяновіч.

— Актыўны і здаровы лад жыцця зноў у модзе, — сказала Галіна Анатольеўна. — Добрая форма і сіла — залог паспяховасці. Падтрымліваць сваё фізічнае здароўе можна рознымі спосабамі, але, як і шмат гадоў назад, папулярнасцю карыстаецца веласпорт. Такія трэніроўкі лёгка ўпі­саць нават у самы нагружаны справамі рытм жыцця.

Катанне на веласіпедзе для дзіцяці — гэта яшчэ і пазбаўленне ад негатыўных эмоцый, трывожнасці і стомленасці пасля працяглых заняткаў у школе. Таксама гэта магчымасць добра правесці час з сябрамі і атрымаць станоўчыя ўражанні.

Вольга ГАРДЗЕЕНКА,
настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Брагіна.