×

Эксперыментальная цыбуля

10.03.2020 16:39,

Эксперымент па выпрабаванні гатункаў цыбулі запускаецца ў сельскіх школах Віцебскай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Для правядзення “цыбульнага эксперыменту” каманда праекта “Школьны сад” падрыхтавала і разаслала камплект насення і метадычных матэрыялаў па школах-удзельніцах.

Эксперымент па гадоўлі цыбулі з насення будзе праходзіць у 28 сельскіх школах трох абласцей краіны да верасня 2020 года. Цыбуля з'яўляецца адной з папулярных і запатрабаваных культур, якія вырошчваюцца ў Беларусі. Традыцыйна яе садзяць праз сеянку, у той час як яна выдатна расце і з насення. Як адзначае кандыдат сельскагаспадарчых навук, загадчык аддзела холадаўстойлівых культур РУП “Інстытут агародніцтва” Мікалай Купрэенка, лук з насення вырошчваць больш проста і эканамічна выгадна. Не трэба вырошчваць сеянку, а потым яе захоўваць. Да таго ж, кошт насення цыбулі значна ніжэй, чым сеянкі, а высейваць насенне можна як ранняй вясной, так і пад зіму.

Перад удзельнікамі эксперыменту ставіцца чатыры задачы: правесці параўнальнае вывучэнне чатырох галандскіх і двух беларускіх гатункаў, апрабаваць расадны і безрасадны спосабы вырошчвання цыбулі, выявіць самыя ураджайныя і перспектыўныя для розных рэгіёнаў гатункі, а таксама засвоіць тэхналогію вырошчвання цыбулі насеннем.

Для правядзення эксперыменту выкарытоўваюцца галандскія гатункі цыбулі ад аднаго з вядучых сусветных вытворцаў насення і беларускія гатункі ад Інстытута агародніцтва. На працягу ўсяго перыяду правядзення эксперыменту яго ўдзельнікі будуць атрымліваць кансультацыі спецыялістаў-агратэхнікаў. Таксама ўсе каманды будуць фіксаваць вынікі досведаў ў сваіх дзённіках у адпаведнасці з распрацаванай метадычнай схемай.

Адзначым, што эксперымент ініцыяваны ў межах праекта “EU4Youth: “Школьны сад” для развіцця сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва”, які падтрымліваецца Еўрапейскім саюзам і праводзіцца пад навуковым кіраўніцтвам Гомельскага дзяржаўнага абласнога экалога-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі, Інстытута агародніцтва і Інстытута абароны раслін НАН РБ.

Такім чынам, падчас правядзення эксперыменту школы-ўдзельніцы стануць пляцоўкамі, дзе школьнікі пазнаёмяцца з новымі гатункамі сельгаскультур, засвояць эфектыўныя і бяспечныя агратэхналогіі, а таксама змогуць набыць працоўныя і прадпрымальніцкія навыкі.

Людміла Скакун,
прадстаўнік ГА “Беларускі зялёны крыж”.