×

Электронны дыягнастычны альбом для дашкольнікаў

11.02.2020 13:49,

Настаўнік-дэфектолаг Ірына Быкоўская на базе ясляў-сада № 5 г.п.Карма падзялілася вопытам па выкарыстанні аўтарскага электроннага дыягнастычнага альбома маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту (ад 3 да 7 гадоў). Гэтая распрацоўка атрымала дыплом III ступені на абласным этапе конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт — 2019” у намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс у спецыяльнай адукацыі”.

— Калі своечасова не ліквідаваць парушэнні гукавымаўлення, складовай структуры слова, лексіка-граматычнага ладу мовы і фанематычных працэсаў у дзяцей дашкольнага ў­зросту, у далейшым узнікнуць праблемы парушэнняў камунікатыўнай функцыі мовы і парушэнні пісьмовых навыкаў пры навучанні ў школе. Мэтай праекта стала стварэнне электроннага адукацыйнага рэсурсу, які дазваляе абследаваць маўленчае развіццё дзяцей на працягу перыядаў дашкольнага ўзросту, — адзначае аўтар.

Праект “Электронны дыягнастычны альбом маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту (ад 3 да 7 гадоў)” адносіцца да электронных сродкаў навучання ў спецыяльнай адукацыі. Ірына Быкоўская гаворыц­ь, што гэты адукацыйны сродак можа выкарыстоўвацца настаўнікамі-дэфектолагамі груп інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення і пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дашкольных устаноў для дыягнастычнага абследавання, удакладнення структуры маўленчага дэфекту і ацэнкі ступені выяўленасці парушэнняў розных бакоў мовы. Таксама электронны дапаможнік можна рэкамендаваць бацькам для самастойнага вызначэння праблем у маўленчым развіцці дзіцяці.

Праект уключае асноўныя блокі дыягнастычнага абследавання: імпрэсіўнае маўленне, экспрэсіўнае маўленне, фанематычнае ўспрыманне, гукаскладовая структура слова, гукавымаўленне, звязнае маўленне.

Блок “Імпрэсіўнае маўленне” ўключае пяць відаў заданняў і складаецца з дыферэнцыяцыі адзіночнага і множнага ліку назоўнікаў, месна-склонавых канструкцый, назоўнікаў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, дзеясловаў з рознымі прыстаўкамі, разумення сказаў.

Блок “Фанематычнае ўспрыманне” ўключае заданні па дыферэнцыяцыі апазіцыйных гукаў, не змешаных у вымаўленні, гукаў, якія змешваюцца ў вымаўленні, а таксама стан фанематычнага аналізу і сінтэзу.

Для блока “Гукаскладовая структура слова” распрацаваны заданні, задача якіх — выявіць у дзяцей дашкольнага ўзросту стан складовай структуры ў ізаляваных словах, а таксама ў сказах.

Блок “Гукавымаўленне” складаецца з выяўлення гукавымаўлення 36 гукаў. Тут прадстаўлена заданне “Назаві словы па малюнках” (у словах гукі стаяць у розных пазіцыях (у пачатку, сярэдзіне і ў канцы слова).

У блок “Экспрэсіўнае маўленне” пакладзена выяўленне стану намінатыўнага, прэдыкатыўнага і атрыбутыўнага слоўнікаў, стан словазмянення і словаўтварэння. Абследаванне намінатыўнага слоўніка ўключае ў сябе: называнне назоўнікаў па лексічных тэмах, абагульняючых словах, называнне частак цела і частак прадметаў. Для абследавання атрыбутыўнага слоўніка неабходна назваць колер і форму прадметаў.

Прэдыкатыўны слоўнік уключае заданні “Назаві, хто як перамяшчаецца?”, “Хто як голас падае?”. Пры абследаванні стану слова­змянення вызначаецца ўжыванне назоўнікаў у назоўным склоне адзіночнага і множнага ліку (утварыць па аналогіі), ужыванне назоўнікаў ва ўскосных склонах, утварэнне назоўнікаў множнага ліку ў родным склоне (адказаць на пытанне “Шмат чаго?”), дапасаванне прыметнікаў да назоўнікаў адзі­ночнага ліку, ужыванне месна-склонавых канструкцый, ужыванне лічэбнікаў “два” і “пяць” з назоўнікамі.

Напрыклад, абследаванне стану слова­ўтварэння ўключае ў сябе ўжыванне назоўнікаў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, утварэнне назваў: дзіцянят жывёл, адносных прыметнікаў, прыналежных прыметнікаў, дзеясловаў з дапамогай прыставак, дзеясловаў закончанага трывання (скласці сказы). Неабходныя заданні падаюцца ў займальнай форме, а таксама дапоўнены гукавымі, візуальнымі і аніміраванымі раздзеламі.

Блок “Звязнае маўленне” накіраваны на абследаванне стану звязнага маўлення і складаецца з тэкстаў з некалькіх сказаў для пераказу. Ірына Быкоўская прапанавала абследаванне маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту адзначаць у рэгістрацыйных лістах лагапедычнага абследавання дзяцей 3 — 4 гадоў, 4 — 5 гадоў, 5 — 6 гадоў і 6 — 7 гадоў.

Удзельнікі майстар-класа ў сваю метадычную скарбонку атрымалі “Электронны дыягнастычны альбом маўленчага развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту (ад 3 да 7 гадоў)”. Відэакейс Ірыны Быкоўскай можна знайсці ў сацыяльных сетках.

Алена ЦЕРАХАВА,
настаўнік-дэфектолаг Кармянскага раённага ЦКРНіР, кіраўнік метадычнага аб’яднання.
Фота аўтара.