×

Энергазберажэнне як стыль жыцця сям’і

21.09.2019 12:03,

Відавочна, што будучыня нашай краіны ў многім залежыць ад каштоўнасных асноў паводзін, якія закладваюцца ў свядомасць дзяцей у дашкольным узросце. Несумненна, галоўную ролю ў гэтым працэсе займаюць экалагічная адукацыя і выхаванне, а таксама прывіццё навыкаў беражлівых адносін да энергарэсурсаў, якімі валодае чалавецтва.

Каб энергазберажэнне, працэс шматгранны, які ахоплівае розныя сферы чалавечай дзейнасці, стала ладам жыцця народа, грамадства, варта выпрацаваць пэўны псіхалагічны алгарытм паводзін. Вядучая роля ў гэтым працэсе павінна належаць сістэме дашкольнай адукацыі. Як гэта адбываецца на практыцы?

Пакуль эканомія не стала нормай жыцця для кожнай беларускай сям’і, кожнага чалавека, лічыць кіраўніцтва ясляў-сада № 137 Гомеля, па-ранейшаму мае месца бяздушнае стаўленне да прыроды, у выніку якога ёй наносіцца непапраўны ўрон. Часта неашчадна траціцца цяпло, электраэнергія, прыродны газ, вада і іншыя віды рэсурсаў. Перад педагогамі ўстаноў дашкольнай адукацыі стаіць важная задача — выхаваць новае пакаленне, якое, укараняючы і выкарыстоўваючы сучасныя тэхналогіі ў розных галінах вытворчасці, у той жа час будзе разумець важнасць эканоміі энергарэсурсаў. Гэтая ідэя стала асноўнай для педагагічнага калектыву, які на працягу шэрага гадоў паглыблена працуе па тэме энергазберажэння.

Восенню мінулага года загадчыца ясляў-сада Таццяна Букоціна звярнулася ў Гомельскі гарадскі вучэбна-метадычны кабінет з прапановай абагульніць на гарадскім узроўні вопыт эфектыўнай практыкі работы яе педагагічнага калектыву па прывіцці навыкаў беражлівых адносін да энергарэсурсаў.

— Разам з тым эканомія рэсурсаў не павінна ўплываць на працэс аховы жыцця і здароўя выхаванцаў — асвятленне, тэмпературны рэжым, гатаванне ежы, работу басейнаў і інш., — падкрэслівае Таццяна Букоціна. — Вельмі важна, каб педагогі і бацькі самі мелі пэўны запас эканамічных, экалагічных ведаў і ўменняў, валодалі методыкай арганізацыі такой дзейнасці, а таксама былі носьбітамі рэсурсазберагальнай культуры.

Менавіта для работы з сем’ямі выхаванцаў быў вывучаны і абагульнены вопыт работы выхавальніцы Вольгі Вычыкавай у выгля­­дзе цыкла мерапрыемстваў “Стыль жыцця ад Дамавітыча” (гэты персанаж з’явіўся ў групе Вольгі Арсеньеўны як сябар і правадыр, які дапамагае педагогу арганізаваць работу з выхаванцамі ў гульнявой форме).

— Для аператыўнага ўключэння ў праблему важна і педагогам, і бацькам выхаванцаў павысіць свой узровень ведаў і ўяўленняў аб класіфікацыі рэсурсаў, — лічыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнай установы Святлана Лугоўская. — Гэта і прыродныя рэсурсы (крыніцы энергіі, паветра, жывёльны свет, мінералы, зямля і запасы), і чалавечыя рэсурсы (здароўе, інтэлект), і эканамічныя рэсурсы (грашовыя даходы, прамыслова-гаспадарчая вытворчасць). Усяму гэтаму варта спачатку навучыць дарослых. Кожны педагог установы дашкольнай адукацыі павінен выбраць найбольш аптымальныя формы работы з дзецьмі і сем’ямі выхаванцаў, вызначыўшы той аб’ём ведаў, які па сілах засвоіць дзіцяці дашкольнага ўзросту.

Каб даць новыя веды ў галіне рэсурса­зберажэння, калектыў установы прымяняе такія формы работы, як трэнінгі па пытаннях эканоміі і экалогіі, распрацоўка праектаў па тэмах “Беражлівым быць хачу”, “Хочаш жыць багата — скараці выдаткі”, распрацоўка правіл паводзін “Кодэкс беражлівасці”, стварэнне эканамічнай канстытуцыі дашкольнай установы, арганізацыя і правя­дзенне фестывалю метадычных знаходак і панарамы педагагічных ідэй, розных віктарын, майстар-класаў і інш.

За 8 гадоў паглыбленай работы па праблеме фарміравання асноў энергарэсурсазберагальнага мыслення ў дзяцей дашкольнага ўзросту выхавальніца Вольга Вычыкава стварыла сваю сістэму работы з сем’ямі, назваўшы яе “Стыль жыцця ад Дамавітыча”. Выхавальніцай прапанаваны і распрацаваны бацькоў­ская канферэнцыя “Будзем эканамічна дасведчанымі”, сямейная гасцёўня “Падзялюся вопытам...”, абагульненне лепшага сямейнага вопыту выхавання, конкурс на лепшы карнавальны касцюм з другаснай сыравіны, сямейная газета “Наш дом — Планета” і шмат іншых мерапрыемстваў.

Павысіць якасць засваення пазнавальнага матэрыялу ў рабоце з дзецьмі дапамогуць гульнявыя прыёмы, уяўныя сітуацыі, сюрпрызныя моманты. Усё гэта элементы навізны, якія ўзмацняюць настроенасць дзіцяці на пазнанне сацыяльнага свету, якія дазваляюць дасягнуць адзінства эфекту і інтэлекту. Хочацца звярнуць увагу педагогаў на тое, што вялікае поле для педагагічнай творчасці выхавальніка па тэме беражлівасці ўяўляюць раздзелы вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі “Гульнявая дзейнасць”, “Чалавек і рукатворны свет”. З асновамі матэрыялазберажэння, утылізацыі і паўторнага выкарыстання прадукцыі прамыслова-гаспадарчай вытворчасці дашкольнікі знаёмяцца менавіта праз гэты раздзел. На жаль, патрабаванні вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі ў галіне фарміравання асноў энергазберагальнага мыслення адстаюць ад рэалій сучаснага свету, таму стварэнне мадэлі выхавання асноў эканамічнай культуры выклікае пэўныя цяжкасці ў педагогаў. Спецыяльная старонка сайта ўстаноў дашкольнай адукацыі “Берагіня”, рэкамендаваная метадыстам ГГВМК, будзе трансліраваць эфектыўны вопыт работы педагогаў-наватараў для ўсіх жадаючых.

Гомельскі гарадскі вучэбна-метадычны кабінет рэкамендуе кіраўнікам дашкольных устаноў увесці ў структурныя кампаненты плана работы (работа з педагагічнымі кадрамі, работа з дзецьмі, работа з бацькамі, адміністрацыйна-гаспадарчая работа) мерапрыемствы, якія ў комплексе забяспе­чаць атрыманне ведаў і навыкаў у галіне рэсурсазберажэння.

Людміла БЫСТРОВА,
метадыст Гомельскага гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета.