×

Фарміраванне метапрадметных кампетэнцый

06.07.2019 14:54,

З пачатку мінулага навучальнага года Залескі яслі-сад — сярэдняя школа Чачэрскага раёна і яшчэ шэраг устаноў Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей рэалізоўваюць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання метапрадметных кампетэнцый у навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі і ва ўмовах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

Актуальнасць тэмы не выклікае сумненняў. Ужо ў 2017/2018 навучальным годзе быў абноўлены змест вучэбных праграм па ўсіх вучэбных прадметах, дзе ў адмысловым ракурсе разглядаўся практыка-арыентаваны падыход, а таксама ўлічваліся міжпрадметныя сувязі.

Абноўлены змест вучэбных праграм грунтуецца на ідэях кампетэнтнас­нага падыходу, на падставе якога засваенне зместу навучання накіравана на фарміраванне прадметных, метапрадметных і асобасных кампетэнцый навучэнцаў. Гэта прадугледжвае не механічнае запамінанне пэўнага аб’ёму інфармацыі, а самастойнае вырашэнне вучэбных і практычных задач, якія патрабуюць прымянення засвоеных ведаў і ўменняў.

Для якаснай рэалізацыі інавацыйнага праекта быў распрацаваны семінар-практыкум “Фарміраванне метапрадметных кампетэнцый”, дзе разглядаецца практычны бок фарміравання розных кампетэнцый у вучняў. Так, на адным з семінараў быў распрацаваны алгарытм правядзення дыягностыкі сфарміраванасці кампетэнцый у вучняў на матэрыяле вучэбных прадметаў. Асаблівую цікавасць выклікаў матэрыял настаўніка фізікі М.М.Мяшчанікавай, якая для работы выкарыстала артыкул А.В.Папковай “Фарміраванне даследчай культуры асобы як мэтавы арыенцір мадэрнізацыі прыродазнаўчанавуковай адукацыі”.

Арганізацыйна-растлумачальная работа з навучэнцамі і бацькамі па пытанні рэалізацыі інавацыйнага праекта праходзіла на класных і бацькоўскіх сходах. Аднак больш эфектыўным сродкам паглыблення ў праект сталі экспрэс-апытанні з мэтай вывучэння цяжкасцей і патрэб, што ўзнікаюць падчас яго ажыццяўлення.

Педагогі — удзельнікі інавацыйнага праекта ўвайшлі ў “Школу перадавога вопыту” па рэалізацыі педагагічных тэхналогій. На вучэбных занятках настаўнікі-прадметнікі дэманстрава­лі калегам свае педагагічныя прыёмы і знаходкі, якія пасля былі дэталёва прааналізаваны падчас педагагічных дыскусій.

Бясспрэчна, што вырашэнне задачы фарміравання метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў напрамую зале­жыць ад уменняў настаўніка. Яскравым прыкладам сталі ўрокі, на якіх працэсуальны бок засваення вучэбнага матэрыялу навучэнцамі пераважаў над выніковым. Так, на ўроках гісторыі (настаўнік С.М.Чарняцін) школьнікі паспяхова выкарыстоўвалі інтэлект-карты, на ўроках нямецкай мовы (настаўнік С.М.Канавалава) дэманстравалі ўменне дакладна выказваць свае думкі ў адпаведнасці з задачамі і ўмовамі камунікацыі. А на ўроках матэматыкі і фізікі прадстаўлены педагогамі У.М.Ганчаровым і М.М.Мяшчанікавай матэрыял быў прааналізаваны навучэнцамі з пункту гледжання яго практычнага прымянення ва ўмовах сучаснага жыцця.

Зоя ПАЎЛАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Залескага ясляў-сада — сярэдняй школы Чачэрскага раёна.