×

Футбол — гэта не толькі гульня

11.02.2020 13:36,

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 59 Гомеля Дзяніс Брэль — былы гулец у міні-футбол.
Ён жа з’яўляецца суддзёй рэспубліканскіх спаборніцтваў у гэтым відзе, трэнерам з міжнароднай ліцэнзіяй спорту катэгорыі “D
UEFA.

Дзяніс Уладзіміравіч не толькі сам займаецца футболам, але і прыцягвае да заняткаў школьнікаў, іх бацькоў і настаўнікаў, незалежна ад фізічнай падрыхтоўкі і ўзросту.

Ён жа — арганізатар і трэнер школьнага футбольнага клуба “Рысь”.

Суботнія дні ў школе насычаны спартыўна-масавымі, фізкультурна-аздараўленчымі і выхаваўчымі мерапрыемст­вамі. Дзяніс Брэль з першага года сваёй работы ў школе пачаў праводзіць факультатыўныя заняткі па міні-футболе ў 7—9-х класах. Вынікам стала перамога на раённых спаборніцтвах.

Вучоба на трэнерскіх курсах FIFA па развіцці масавага футбола чатыры гады назад падштурх­нула настаўніка да далейшай сур’ёзнай работы ў гэтым напрамку. Заняткі сталі праводзіцца не толькі са старэйшымі, але і з малодшымі школьнікамі. Зараз ва ўстанове футболам займаецца каля 80 вучняў, 45 з якіх — 1—4-х класаў.

Дзяніс Уладзіміравіч змог зацікавіць футболам і 19 дзяўчынак школы, 5 з якіх вучацца ў малодшых класах. Дзявочая каманда шмат разоў станавілася прызёрам раённых спаборніцтваў, пераможцай гарадскіх і таварыскіх турніраў. Летась каманда дзяўчат стала ўдзельніцай Рэспубліканскага чэмпіянату FIFA U 13, пасля якога чатыры футбалісткі школы былі выбраны для ўдзелу ў трэніровачным працэсе зборнай вобласці.

Настаўнік зацікавіў футболам не толькі вучняў і іх бацькоў, але і сваіх калег. Дарэчы, зараз афіцыйным памочнікам трэнера ШФК “Рысь” з’яўляецца настаўніца англійскай мовы Ганна Стучанкова, якая ў мінулым годзе атрымала сертыфікат трэнера міжнароднай ліцэнзіі катэгорыі “D” UEFA па развіцці масавага футбола.

Гэты дуэт ужо некалькі гадоў актыўна рэалізоўвае галоўную ідэю FIFA — развіццё масавага футбола — на практыцы, праводзячы не толькі трэніроўкі, але і футбольныя фестывалі, разнастайныя мерапрыемствы. Эмацыянальна і весела прайшоў турнір “Чатыры  пакаленні”, у якім прынялі ўдзел чатыры зборныя: каманды вучняў школы, іх бацькоў, выпускнікоў школы і настаўнікаў. У інтэграцыйным мерапрыемстве “Футбольны базар” каманды спаборнічалі не толькі ў майстэрстве гульні ў футбол, але і ў веданні гісторыі, правіл гульні, тэрмінаў, пра якія яны расказвалі на англійскай мове.

У рэспубліканскім турніры “Тата, мама, я — футбольная сям’я” прымалі ўдзел бацькі юных футбалістаў — сем’і Альфер, Моцькіных і Шпаньковых. Такім чынам у школе ажыццяўляецца асноўны прынцып масавага футбола — аб’яднаць найбольшую колькасць людзей пры дапамозе футбола.

Сумесная работа адміністрацыі школы, настаўнікаў, трэнера і вучняў, накіраваная на развіццё масавага футбола, ацэнена асацыяцыяй “Беларуская федэрацыя футбола”. 27 верасня 2019 года ў Мінску адбылося ўзнагароджанне ўдзельнікаў рэспубліканскага праекта “Мой школьны футбольны клуб”. Сярод 16 лепшых (з 203 прэтэндэнтаў) быў названы і ШФК “Рысь” сярэдняй школы № 59 Гомеля.

Юныя футбалісты годна прадставілі клуб на Рэспубліканскім фестывалі школьных клубаў, за што атрымалі прызы, падарункі і яркую спартыўную форму з сімволікай свайго клуба. Дзякуючы супрацоўніцтву школы з АБФФ, трэніровачны працэс стаў больш прадукцыйным, бо школа атрымала і метадычную дапамогу, і неабходны інвентар, а ўдзельнікі ШФК “Рысь” — магчымасць удзелу ў турнірах рознага ўзроўню. У тым ліку юныя спартсмены могуць наведваць майстар-класы футбалістаў вышэйшай лігі.

Дзяніс Уладзіміравіч лічыць, што ў занятках футболам няма мінусаў, а вось станоўчых бакоў — вялікае мноства. Тым больш што ў школе для жадаючых паспрабаваць свае сілы ў футболе створаны ўсе умовы: працуе гурток “Футбол”, праводзяцца факультатыўныя заняткі “Гуляем у футбол”. Спадзяёмся, што для выхаванцаў клуба футбол стане не толькі гульнёй, але і любімай справай у жыцці.

Алена РЫБАК,
дырэктар сярэдняй школы № 59 Гомеля.