×

Гістарычныя спаборніцтвы

26.10.2019 14:44,

Юных прыхільнікаў гісторыі сабраў у сценах гомельскай сярэдняй школы № 5 абласны конкурс па вучэбных прадметах “Гісторыя Беларусі” і “Сусветная гісторыя”.

Удзел у інтэлектуальным спаборніцтве прынялі 39 вучняў 9—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з ліку пераможцаў трэцяга этапу сёлетняй рэспубліканскай алімпіяды, а таксама абласной алімпіяды навучэнцаў 4—9 класаў па гісторыі. Падтрымаць канкурсантаў прыйшлі іх равеснікі з Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якія ўваходзяць у рыцарскае аб’яднанне “Ордэн “Вечнасць” і таксама цікавяцца гістарычнымі падзеямі.

У конкурсе юным інтэлектуалам неабходна было прадэманстраваць веды па гісторыі ў трох турах.

Так, першы тур уяўляў сабой мультымедыйны тэст. Удзельнікам трэба было вызначыць гістарычных дзеячаў, а таксама падзеі, помнікі архітэктуры і скульптуры, творы жывапісу. У другім, найбольш складаным, туры юнакі і дзяўчаты выконвалі заданні алімпіяднага ўзроўню складанасці. Крыху зняць напружанне і справіцца з хваляваннем дазволіў трэці тур — вучні дэманстравалі свае веды ў гульні “Гістарычны калейдаскоп”. Тут ужо спаборнічалі фіналісты. Яны выказвалі сваю згоду або нязгоду з прапанаваным сцвярджэннем, аргументавалі свой адказ пры праходжанні гульнявога этапу “Веру — не веру”, устанаўлівалі адпаведнасць прапанаваных дат, падзей, імён гістарычных дзеячаў на гульнявым этапе “Гістарычная мазаіка”, знаходзілі і выпраўлялі памылкі ў прапанаваным тэксце на гульнявым этапе “Знайдзі гістарычныя памылкі”.

Ацэньвала інтэлектуальнае спаборніцтва кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі абласныя трэнеры каманды ўдзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, настаўнікі гісторыі школ, ліцэяў і гімназій вобласці, якія падрыхтавалі пераможцаў абласнога і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды.

Па выніках конкурсу дыпломамі I ступені ўзнагароджаны вучань 9 класа Хальчанскай базавай школы Веткаўскага раёна Ула­дзіслаў Медзін (настаўніца А.А.Літвінава), навучэнец 10 класа гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза Ягор Маркаўцоў (настаўніца В.У.Маркаўцова) і навучэнец 11 класа гімназіі № 56 Гомеля імя А.А.Вішнеўскага Глеб Вахоцкі (настаўнік В.Я.Бондараў).

Дыпломы II ступені атрымалі дзевяці­класнікі Уладзіслаў Беразніцкі з гомельскай гімназіі № 51 (настаўніца І.А.Кротава) і Павел Філон з Лоеўскай раённай гімназіі (настаўнік С.Г.Гусінцаў), дзесяцікласнікі Паліна Ляцяга з Печышчанскага ясляў-сада — сярэдняй школы Светлагорскага раёна (А.М.Ляцяга) і Мікалай Якушэўскі з Гомельскага дзяржаўнага абласнога ліцэя (настаўніца Г.А.Пастухова), навучэнцы 11 класа Даніла Штрапаў (настаўніца В.М.Курмацева) і Мікіта Закрочынскі (Ж.В.Марцінкевіч) з гомельскіх сярэдніх школ № 29 і № 12 адпаведна.

Дыпломамі III ступені адзначаны навучэнцы 9 класа Павел Рэйман (Сасноваборская сярэдняя школа Светлагорскага раёна, настаўнік В.М.Дрозд) і Ганна Шастапалава (гімназія Чачэрска, настаўнік М.І.Лагойкін), навучэнцы 10 класа Дзмітрый Луцянкоў (Гусявіцкая сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна, настаўніца Т.М.Вішнякова), Мацвей Цітоў (сярэдняя школа № 8 Гомеля, настаўнікі А.М.Карпячкова, І.А.Весялоў) і Ілья Хадоскін (сярэдняя школа № 7 Калінкавіч, настаўнік А.А.Паўловіч), навучэнцы 11 класа Антон Ткачоў (сярэдняя школа № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава, настаўнік Н.І.Нікіценка), Данііл Кудашоў (Рэчыцкая раённая гімназія, настаўнік В.І.Доўжык).

Наталля ЛУТЧАНКА.