×

Гісторыя ўплывае на нас

23.12.2019 11:40,

—Вялікая Айчынная вайна: ці ўсё ў парадку з назвай? Калі тэма майго даклада вас зачапіла — значыць, вам не ўсё роўна, што кажуць і пішуць пра гісторыю нашай краіны. А чытаць цяпер даводзіцца рознае…

Так пачаў сваю лекцыю ў гомельскай гімназіі № 14 старшы выкладчык кафедры філасофіі, гісторыі і паліталогіі Беларускага ўніверсітэта транспарту Аляксандр Ялопаў. Ён прывёў канкрэтныя прыклады, калі аўтары распаўсюджаных сёння кніг спрабуюць даказаць, што вайна 1941—1945 гадоў не была для беларусаў ні Вялікай, ні Айчыннай і што перамога ў гэтай вайне павінна выклікаць у нас не гордасць, а шкадаванне пра марныя ахвяры і страчаныя перспектывы.

— Між тым, мне гэтая пазіцыя ўяўляецца памылковай, і я паспрабую даказаць чаму, — адзначыў выкладчык.

Шмат гістарычных прыкладаў на працягу гадзіннай лекцыі, але ж старшакласнікаў больш за ўсё чапляюць асабістыя гісторыі. Тыя, якія тычацца жывых сведак. Вучань 10 класа Арцём Марчанка ўзгадаў сваіх гераічных продкаў:

— Мой прадзед Канстанцін Якаў ваяваў у 122-м паветрана-дэсантным палку. Яго 14 раз збівалі, ён здзейсніў 1220 баявых вылетаў за паўтара года вайны. Потым яго збілі пад Рыгай, і ён быў дэмабілізаваны. Другі прадзед — Іван Арлоў служыў у 92-м дэсантным палку. Ён не загінуў, прайшоў усю вайну. У нас дома шмат баявых узнагарод маіх продкаў. І лісты з фронту захоўваюцца.

Тэма вайны заўсёды жорсткая. Але ж менавіта гэта чапляе падлеткаў, якія прывыклі “забіваць” у камп’ютарных гульнях і да канца не ўяўляюць, як лёгка падтасоўваюцца гістарычныя факты. Некаторыя дзеці застаюцца пасля лекцыі, каб задаць пытанні…

— Сёння мы слухалі не пра вялікія бітвы, якія пераламалі ход вайны, — гаворыць гімназіст Аляксандр Нікіцін, — а пра адносіны паміж беларусамі, якія заставаліся жыць на акупіраванай тэрыторыі пад прыгнётам гітлераўцаў. Важна ведаць, што мы — частка Перамогі, і разабрацца ў гісторыі, якая быццам бы ўжо далёка, але дагэтуль уплывае на нас. Мае сваякі былі партызанамі. Яны хаваліся ў лесе побач з Гомелем.

Арына Грэбянькова — аднакласніца хлопцаў — таксама ўражана:

— У наш час не ўсе змаглі б зрабіць такія ўчынкі, як нашы продкі, якія абаранялі Радзіму. Мой прадзед па мамінай лініі ваяваў у Калінкавіцкім раёне, быў паранены. Складана ўспрымаць, што такое некалі было ў жыцці, бо фільмы не так усё перадаюць, як жывы расказчык. Гэта вельмі патрэбна ў наш час.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Казакова адзначае, што дзеці перш за ўсё адчуваюць шчырасць:

— Яны не любяць пустых прыгожых, узнёслых фраз. Ім важна, калі чалавек гаворыць ад душы. За шэсць гадоў работы ў гімназіі ўпершыню  такая ціхая аўдыторыя. Я бачыла слёзы на вачах дзяцей. Гэта сапраўды актуальна. У гэтым — павага да свайго народа, да сваёй дзяржавы.

 

У гомельскай гімназіі № 14 вядзецца пастаянная работа па захаванні гістарычнай памяці. Члены пошукавага атрада “Чырвоная звязда” ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні месцаў пахавання ахвяр вайны. Пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры Канстанціна Кугата яны ходзяць у экспедыцыі і даследуюць архівы, высвятляюць імёны невядомых абаронцаў Айчыны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.