×

Гомель — Вялікі Ноўгарад: дарогамі дружбы

15.04.2019 14:32,

З 2015 года сярэдняя школа № 41 г. Гомеля цесна супрацоўнічае з сярэдняй школай № 14 г. Вялікі Ноўгарад. За гэты час вучні абедзвюх устаноў пазнаёміліся, пасябравалі і заўсёды чакаюць новых сустрэч, тэматыка якіх вельмі разнастайная.

Звычайна зносіны праходзяць у Skypе. Хлапчукі і дзяўчынкі дзеляцца сваімі поспехамі, творчымі дасягненнямі. Асабліва ім падабаюцца інтэлектуальныя сумесныя турніры па школьных прадметах. Напрыклад, дзіўнай і захапляльнай для расійскіх сяброў стала гульня на беларускай мове, у якой расіяне лёгка перакладалі беларускія словы і сказы, прыказкі і прымаўкі.

Таксама двойчы школьнікі з Вялікага Ноўгарада гасцявалі на гомельскай зямлі, знаёміліся са славутасцямі Мінска, Гомеля, наведалі комплекс “Партызанская крынічка”, што непадалёк ад абласнога цэнтра. Акрамя экскурсій, зладзілі майстар-класы па педагагічным майстэрстве, круглыя сталы. Навучэнцы паспаборнічалі ў інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?”, конкурснай праграме “Нам гэты свет завешчана берагчы”. Вучні гомельскай школы пазнаёмілі расійскіх равеснікаў з дзейнасцю партызанскага атрада “Бальшавік”, расказалі пра гомельскае падполле, правялі квэст-гульню і мітынг памяці.

Педагогі кажуць, што важнае месца ў тэматыцы зносін паміж брацкімі народамі займае Вялікая Айчынная вайна. Наўгародскім школьнікам ваенная тэматыка вельмі блізкая, бо яны — актыўныя ўдзельнікі Міжнароднай ваенна-гістарычнай экспедыцыі “Волхаўскі фронт. Чудава”, штогод хлопцы і дзяўчаты ўдзельнічаюць у патрыятычнай пошукавай экспедыцыі “Даліна”, якая займаецца пошукам загінулых воінаў. Дзякуючы дзецям, ужо звыш ста сем’яў атрымалі звесткі пра сваіх загінулых родзічаў. Сярод іх — і беларусы, таму расійскія сябры запрашаюць гамяльчан далучыцца да ўдзелу ў іх экспедыцыі. Пакуль што бакі абмяркоўваюць магчымасці такой сумеснай працы. Адно можна сказаць упэўнена: гэта сапраўды высакародная справа, і вельмі добра, што сучасныя школьнікі дзвюх краін выказваюць жаданне займацца ёю.

Наталля ЛУТЧАНКА.