×

Гордасць гімназіі

14.02.2020 14:04,

Вадзім Казлоў і Іван Еўтухоў — гордасць Буда-Кашалёўскай гімназіі. Якраз пра такіх, як гэтыя хлопцы, кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

У сёлетняй рэспубліканскай алімпіядзе па прадметах юнакі прынеслі роднай установе перамогу на абласным узроўні. У адзінаццацікласніка Вадзіма — дыплом ІІІ ступені ў алімпіядзе па інфарматыцы. З гэтым прадметам вучань добра сябруе. Ён лічыць, што мог бы мець крыху лепшы вынік, бо мае 1 месца ў інтэрнэт-алімпіядзе па інфарматыцы. Але вельмі хлопец не перажывае, ён упэўнены ў сабе і сваіх сілах, не сумняваецца, што паступіць ва ўстанову мары і без “бонусаў”, якія дае алімпіяда. А яшчэ ў Вадзіма пераможнае месца ў абласной алімпіядзе па фінансавай пісьменнасці.

Іван Еўтухоў таксама атрымаў дыплом ІІІ ступені ў абласным этапе алімпіяды па англійскай мове. А яшчэ Ваня выдатны творца. Ён сур’ёзна займаецца музыкай, стварыў сваю вакальна-інструментальную групу.

— Усе нашы гімназічныя мерапрыемствы і творчыя вечарыны адбываюцца дзякуючы Івану, — гаворыць выконваючы абавязкі дырэктара імназіі Буда-Кашалёва Алена Сыцянкова. — Ён творчы і вельмі адказны.

Канечне, дасягненні вучняў — гэта заўсёды дасягненні педагогаў. Настаўніца англійскай мовы Вікторыя Клімавец ганарыцца, што Іван атрымаў вынік на алімпіядзе па англійскай мове. Не менш рады перамозе Вадзіма Казлова яго настаўнік Яўген Агажэльскі.

Хлопцы заканчваюць 11 клас і хутка пакінуць сцены гімназіі. На гэты конт у педагагічным калектыве жартуюць:

— Што будзем рабіць, калі іх не будзе ва ўстанове?

— Будзем іншых вырошчваць.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА.