×

Грамадскія праблемы вырашаюць студэнты

30.01.2020 11:57,

Праверыць свае навыкі і веды на высокай хуткасці ў добрай кампаніі аднадумцаў — вось сапраўднае шчасце для айцішнікаў-пачаткоўцаў. Падчас хакатону ў Гомелі такую магчымасць студэнтам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны дала кампанія EPAM. Яе прадстаўнікі, дарэчы, за юнымі праграмістамі сачылі пільна і потым лепшых з іх адзначылі. У выніках было зацікаўлена і кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама — менавіта там сфармулявалі заданні, якія мелі практычную скіраванасць.

Еngineering Jam — гэта марафон айцішнікаў, у якім яго ўдзельнікі вырашаюць праблемы грамадства, у выніку чаго жыццё лю­дзей павінна стаць больш камфортным ці простым. У дадзеным выпадку разглядаюцца праблемы жыхароў Гомельшчыны. Дарэчы, праекты, створаныя на хакатонах крыху раней у Мінску, хутка запрацуюць. Гэта дадаткі па кальцаванні птушак для НАН, сістэма па вывядзенні з-пад агню пажарных для МНС, чат-бот для трэкінгу пасылак для “Белпошты”, дадатак па выкліку сантэхніка на дом для Мінгарвыканкама, рэсурс па супраціўленні булінгу для падлеткаў, контурныя карты для школ і многія іншыя.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей выказаў упэўненасць, што марафон праграмістаў да­зволіць укараніць у паўднёва-ўсходнім рэгіёне шэраг сацыяльных новаўвя­дзенняў. Ён перакананы, што патэнцыял супрацоўнікаў IT-кампаній, якія гатовы ўвесь час вучыцца, канструктыўна, аб’ёмна, аператыўна ўкараняць новыя прадукты, варта ўлічваць пры вырашэнні многіх сацыяльных пытанняў:

— Ваш інтэлект, ідэі ў вырашэнні тых ці іншых праблем, высокі патэнцыял у спалучэнні з прафесіяналізмам дазволяць эфектыўна вырашаць пастаўленыя задачы на аснове сучаснай думкі і новых тэхналогій. Я хачу выказаць удзячнасц­ь Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны і кампаніі EPAM, якія сталі ініцыятарамі і прадаставілі пляцоўку для сур’ёзнага сацыяльнага праек­та. Мы з задавальненнем падтрымаем вашы інавацыйныя ідэі.

Гомельскі офіс з’яўляецца самым буйным з рэгіянальных кампаній EPAM. Ён пачаў сваю работу 20 гадоў назад. У філіяле каля 1000 супрацоўнікаў. Яго дырэктар Сяргей Агеенка адзначае, што ўсе фінальныя праекты абмеркавалі з кіраўніцтвам аблвыканкама, якое дапамагло вызначыць праблемнае поле.

— Акрамя ўдзелу ў бізнесе нашых заказчыкаў, мы хочам спрыяць развіццю месца, дзе жывём, і рэгіёна ўвогуле, — адзначыў Сяргей Агеенка.

Сярод праектаў, якія зараз плануецца рэалізаваць выключна на бязвыплатнай аснове, — турыстычны даведнік па Гомельшчыне, база бяздомных жывёл, дзіцячы вучэбны дадатак на тэму бяспекі і хуткая дапамога адвакатаў.

— Часта людзі нясвоечасова звяртаюцца па юрыдычную падтрымку, — адзначае эксперт хакатону адвакат Яўген Вазіян. — Таму мы спадзяёмся, што наша платформа дапаможа вырашаць пытанні аператыўна.

Другакурснік ГДУ імя Францыска Скарыны Данііл Хвясюк гаворыць, што вопыт удзелу ў хакатоне для яго карысны не толькі магчымасцю ўдасканальвання і праверкі прафесійных навыкаў, але і тым, что даводзіцца працаваць з экспертамі, якія ставяць задачу і кантралююць яе выкананне.

Распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння разумеюць, што за час аднаго хакатону немагчыма зрабіць цалкам дасканалы прадукт, а вось стварэнне прататыпа — рэальная задача. Пасля ў EPAM удасканаляць лепшыя з праектаў і бязвыплатна перададуць іх гараджанам. Неўзабаве кожны з нас будзе імі карыстацца.

Дэкан факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Сяргей Жогаль гаворыць, што палова выпускнікоў IT-спецыяльнасцей размяркоўваюцца ў фірмы — рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій, і дадае:

— Важна, каб падрыхтоўка спецыялістаў была бесперапыннай, а пачы­наць яе сёння трэба яшчэ са школы. Супрацоўніцтва са спецыялістамі вядучай IT-кампаніі вельмі карыснае для нас. Увогуле ж, нашы студэнты прахо­дзяць навучанне не толькі ў межах вучэбнага працэсу, але і ў сумесных навукова-даследчых лабараторыях, на дадатковых трэнінгах і спецкурсах. Урэшце, студэнты здаюць экзамены і атрымліваюць сертыфікаты вядучых кампаній свету.

IT-марафон праходзіў у памяшканні бібліятэкі ГДУ імя Францыска Скарыны на працягу двух дзён — з перапынкам на адпачынак. У хакатоне ўдзельнічалі 10 каманд (каля 50 чалавек). Гэта былі не толькі студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, але і праграмісты з вопытам. Дарэчы, асобныя з іх прыехалі сюды нават з Расіі.

У склад журы ўвайшлі эксперты IT-сферы і ГДУ імя Францыска Скарыны. Прадстаўнікі ад навучальнай установы — загадчык кафедры вылічальнай матэматыкі і праграмавання Дзмітрый Кузьмянкоў і загадчык кафедры аўтаматызаваных сістэм апрацоўкі інфармацыі Віктар Ляўчук.

Па выніках двух дзён работы вызначыліся пераможцы — каманда IT-распрацоўшчыкаў з Брэста і каманда ГДУ Fiz Fak з дадаткам “Бяспечны шлях”. Капітан апошняй студэнт факультэта фізікі і ІТ Ілья Галавач гаворыць, што ў працэсе работы ўсе пера­знаёміліся, а галоўнае — змаглі паспаборнічаць са спецыялістамі ў IT-галіне. Хлопец адзначае:

— Наш праграмны прадукт разлічаны на тое, каб пры набліжэнні дзіцяці да дарогі на яго тэлефон паступаў папераджальны сігнал. Дадатак па бяспецы руху дазваляе бацькам выбудаваць на сваім тэлефоне маршрут, які адлюстроўваецца на тэлефоне дзіцяці, і бачыць яго месцазнаходжанне. Пры набліжэнні да месцаў павышанай небяспекі (пешаходныя пераходы, чыгуначныя пераезды) дадатак аўтаматычна выключае музыку і часова абмяжоўвае доступ да іншых “цацак” у дзіцячым тэлефоне, а на экран выво­дзіцца апавяшчэнне з просьбай звярнуць увагу на дарогу.

Прыз глядацкіх сімпатый атрымала каманда, якая распрацоўвала вэб-дадатак для атрымання адвакацкай дапамогі. Рэсурс дапамагае зрабіць юрыдычную паслугу больш даступнай і аператыўнай за кошт зручнага інтэрфейсу. У дадатку прадугледжаны некалькі роляў — асабістыя кабінеты для адваката і кліента. Можна падаць заяўку на атрыманне юрыдычнай дапамогі непасрэдна на сайце і чакаць зваротнай сувязі ад спецыяліста. Плануецца ўкараніць створаны прадукт на базе Гомельскай абласной калегіі адвакатаў.

Кожны ўдзельнік каманд, якія сталі пераможцамі, атрымаў сертыфікат на 200 рублёў у магазін электронікі. Прыз глядацкіх сімпатый склаў 100 рублёў для кожнага члена каманды. Мяркуецца, што сацыяльны хакатон стане традыцыйным і будзе праходзіць у Гомелі два разы на год.

Дарэчы, адначасова ў ГДУ імя Францыска Скарыны на матэматычным факультэце адкрылі цалкам абноўленую лабараторыю EPAM. На плошчы 140 квадратных метраў цяпер знаходзіцца 20 сучасных камп’ютараў.

НА ЗДЫМКАХ: адкрыццё абноўленай лабараторыі на матэматычным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны: дырэктар гомельскага філіяла EPAM Сяргей Агеенка, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага абл­выканкама Руслан Смірноў, старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей і першы прарэктар ГДУ імя Францыска Скарыны Андрэй Крук; абноўленая лабараторыя на матэматычным факультэце ГДУ імя Францыска Скарыны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.