×

Хто ведае свой край

16.11.2019 10:48,

На Гомельшчыне прайшоў чарговы абласны краязнаўчы конкурс­-алімпіяда. Сёлета ён прысвячаўся Году малой радзімы.

Традыцыйна юныя краязнаўцы з усёй вобласці збіраюцца на алімпіяду ў сценах гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза. І гэта невыпадкова. Адзін з кірункаў дзейнасці ўстановы — выхаванне на традыцыях праваслаўнай культуры, а адзін з тураў інтэлектуальнага мерапрыемства прысвечаны праваслаўнай культуры Беларусі.

Алімпіяда была ініцыіравана Гомельскім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ў 2008 годзе і з кожным годам набірала папулярнасць. Зараз удзел у ёй прымаюць усе рэгіёны Гомельшчыны.

У краязнаўчым спаборніцтве прынялі ўдзел 27 каманд. Вучні прадстаўлялі 21 раён, 4 раёны абласнога цэнтра, адна каманда прадстаўляла непасрэдна Гомель, у яе ўваходзілі навучэнцы гомельскага ліцэя № 1 і гімназіі № 36 імя І.Мележа. Асобна выступала каманда гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза.

Усяго школьнікам неабходна было прайсці тры туры, у кожным з якіх вызначаліся каманды-­пераможцы. Па выніках усіх тураў журы назвала лепшых.

Трэба сказаць, спаборніцтва было насамрэч складаным, патрабавала добрых ведаў у розных кірунках і эрудыцыі. Аўтарамі пытанняў сталі прадстаўнікі Гомельскай епархіі, навуковыя супрацоўнікі Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.І.Герцэна, спецыялісты абласнога цэнтра турызму і краязнаўства.

Юнакам і дзяўчатам у кожным туры адводзілася не больш як 45 мінут. У камандах па тры чалавекі ўдзельнікі абдумвалі пытанні, спрачаліся, прапаноўвалі свае адказы. Адны беражліва ставіліся да адведзенага часу, таму спачатку хутка адказвалі на тое, што добра ведалі, а астатні час дазвалялі сабе паразважаць над складанымі пытаннямі. Іншыя рабілі стаўку на паслядоўнасць, упісвалі адказ за адказам.

Першы тур прысвячаўся праваслаўнай культуры Беларусі. У заданнях хаваліся назвы прылад праваслаўнага храма, пытанні, якія тычыліся жыцця і дзейнасці рэлігійных асветнікаў беларускай зямлі, праваслаўных традыцый, помнікаў праваслаўнай культуры і інш.

Лепшым знаўцам праваслаўя аказалася каманда Лоеўскага раёна. Другое месца ў каманды Гомеля (ліцэй № 1 і гімназія № 36 імя І.Мележа).Трэцяе месца пакінула за сабой каманда гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза.

У другім туры, які прысвячаўся 75-­годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка­фашысцкіх захопнікаў, камандам неабходна было паказаць сваё веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Персаналіі, буйныя ваенныя аперацыі на тэрыторыі Беларусі, дзейнасць партызан і падпольшчыкаў, ваенная тэхніка, акупацыйны рэжым на тэрыторыі нашай краіны — вось агульная тэматыка пытанняў тура. Варта сказаць, што ведання школьнага падручніка гісторыі тут было недастаткова. Лепшыя веды пра ВАВ зноў паказала каманда Лоеўскага раёна. За ёй упэўнена замацавалася каманда гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза. На трэцім месцы — каманда Рагачоўскага раёна.

Заключны, трэці, тур па традыцыі літаратурны. У гэтым годзе заданні былі прысвечаны 120­-годдзю з дня нара­джэння Міхася Лынькова, а таксама творчасці знакамітых пісьменнікаў Гомельшчыны. Першае месца ў літаратурным туры ўзяла каманда Гомеля (ліцэй № 1 і гімназія № 36 імя І.Мележа). Другое і трэцяе месцы пакінулі за сабой адпаведна каманды Лельчыцкага раёна і Чыгуначнага раёна Гомеля.

Па выніках трох тураў перамогу ў абласным краязнаўчым конкурсе­алімпіядзе атрымалі чатыры каманды. Першае месца ў каманды Лоеўскага раёна. Другое месца падзялілі  каманда гімназіі № 58 Гомеля імя Ф.П.Гааза і каманда Гомеля, якую прадстаўлялі навучэнцы ліцэя № 1 і гімназіі № 36 імя І.Мележа. На трэцім месцы — каманда Чыгуначнага раёна Гомеля.

Краязнаўчая алімпіяда сярод навучэнцаў Гомельскай вобласці носіць назву Румянцаўскай — у гонар аднаго з уладальнікаў гомельскага маёнтка, міністра камерцыі, міністра замежных спраў, канцлера Расійскай імперыі, перадавога чалавека свайго часу, збіральніка кніг, старажытнасцей, мецэната, які вельмі шмат зрабіў для развіцця Гомеля, графа Мікалая Пятровіча Румянцава. Пераможцы алімпіяды ўзнагароджаны спецыяльна зацверджанымі “Румянцаўскімі медалямі” і памятнымі падарункамі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.