×

І з задачкай цяжкай самай тата справіцца...

12.10.2019 12:16,

Жыццё зараджаецца ў сям’і. Ці ёсць што-небудзь іншае, большае па значнасці для кожнага з нас, чым сям’я? Быць бацькам — гэта вечная праца, напоўненая радасцямі і супярэчнасцямі. Гэта праца самааддачы, самапазнання, самавыяўлення. Ці ёсць больш вялікае прызначэнне, чым выгадаваць добрых дзяцей, працягнуць у іх сваё жыццё?

Сям’я і ўстанова дашкольнай адукацыі — два важныя сацыяльныя інстытуты, якія цесна ўзаемадзейнічаюць. Дашкольная ўстанова сёння — не толькі дзеці, бацькі і педагогі, але і псіхолага-педагагічная служба. У нас ва ўсіх адна мэта, таму мы не можам не супрацоўнічаць: поспех дзейнасці кожнага з нас залежыць ад таго, як мы будзем сумесна вырашаць, шукаць, асэнсоў­ваць, будаваць усё тое важнае, што вызначае развіццё падрастаючага пакалення.

Гарманізацыя дзіцяча-бацькоўскіх адносін — адзін з найбольш значных напрамкаў у рабоце педагога-псіхолага. Педагог-псіхолаг нашай установы Тамара Вазовікава асаблівую ўвагу ўдзяляе пытанню дзіцяча-бацькоўскіх адносін у ходзе сумесных заняткаў бацькоў і дзяцей. “Зацікаўленасць, патра­бавальнасць, дэмакратызм у сямейных адносінах з боку таты аказвае вялікі ўплыў на эмацыянальную сферу дзіцяці, фарміраванне яго станоўчай самаацэнкі”, — лічыць Тамара Іванаўна.

Усе дзеці, незалежна ад полу, маюц­ь патрэбу ў бацькавай любові і ў яго ўвазе. Добра, калі ў дзяцей ёсць магчымасць размаўляць з татам, узаемадзейнічаць і чагосьці дасягаць разам.

Мы ў сваім дзіцячым садку стараемся ўзняць значнасць бацькаў у выхаванні як хлопчыкаў, так і дзяўчынак. Роля бацькі вельмі важная, каб сын вырас сапраўдным мужчынам, а для дзяўчынкі заўсёды патрабуецца яго адабрэнне, каб набыць упэўненасць у сабе. Першая наша спроба — гэта работа бацькавай гасцёўні “Зразумей мяне, тата”, якую арганізавала і правяла Тамара Вазовікава.

Даўно было заўважана, што мамы ў значнай ступені больш актыўна прымаюць удзел у розных трэнінгах, семінарах, конкурсах, сямейных святах. У адрозненне ад матуль у тат прысутнічае нейкая адхіленасць, адсутнасць гатоўнасці актыўна ўключацца ў працэс выхавання і развіцця ўласнага дзіцяці. Большасц­ь з іх дзейнічае апасродкавана, праз маці. Вельмі часта з-за занятасці або нежадання гуляць і мець зносіны з дзецьмі, а часам з-за недасведчанасці ў пытаннях выхавання і арганізацыі вольнага часу дзяцей бацькі перакладаюць свае абавязкі на плечы і без таго загружаных хатнімі справамі жанчын. Паўстала пытанне: як аказаць садзейнічанне бацькам, якія хочуць змяніць стаўленне да сям’і і стаць больш уцягнутымі і адказнымі бацькамі, усвядоміць сваю ролю ў выхаванні здаровага паспяховага дзіцяці? Так была арганізавана работа “Бацькавай гасцёўні”.

Вынікі гутарак псіхолага з татамі выхаванцаў паказалі, што многія з іх лічаць выхаванне дзяцей прывілеяй маці. Бацькам жа адво­дзяц­ь толькі ролю здабытчыка. Самі таты, спасылаючыся на сваю занятасць, право­дзяць са сваімі дзецьмі мінімум часу. Улічвалася і меркаванне дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту аб іх узаемаадносінах у сям’і, якія зводзяцца да таго, што татам лягчэй і зручней не займацца з дзецьмі, а проста часам хадзіць з імі на прагулку. Даверныя, блізкія, сяброўскія адносіны бацькі і дзіцяці назіраюцца далёка не ва ўсіх сем’ях. У выніку — дэфіцыт увагі з боку бацькі. У многіх сем’ях дзеці адчува­юць дыскамфорт у адносінах з татам, паміж імі няма ўзаемаразумення. Было відавочна, што неабходна ву­чыць бацькаў узаемадзеянню з дзецьмі.

Каб зняць гэтыя праблемы і папярэдзіць магчымасць іх вяртання, пачала працаваць “Бацькава гасцёўня”. Папярэдняя працэдура знаёмства дазваляе актывізаваць бацькаў. Сустрэчы праводзяцца ў памяшканні, па­дзеленым на некалькі зон: працоўную, дзе ўдзельнікі могуць зручна размясціцца ў крузе, майстэрню для выканання творчых заданняў, вольную прастору для рухавых гульняў. Вялікае значэнне надаецца эмацыя­нальна афарбаваным практыкаванням, якія дазваляюць актуалізаваць раннія пачуцці, стаць бліжэй адно да аднаго і лепш разумець адно аднаго, а творчыя заданні спрыяюць адчуванню асаблівай радасці ад сумеснага стварэння. Кожныя заняткі ўключаюць у сябе гульні і практыкаванні, накіраваныя на самапазнанне, самараскрыццё, развіццё камунікатыўных навыкаў, пазнавальных працэсаў, зняцце псіхаэмацыянальнага напружання.

Сустрэчы праходзяць вельмі інтэнсіўна, эмацыянальна. Таты праводзяць час разам з дзіцем, гуляюць з ім, тым самым знахо­дзячыся на тэрыторыі яго інтарэсаў. Работа ў групе, падпарадкаванне і дарослых, і дзяцей адзіным правілам гульні даюць магчымасць дзіцяці адчуць сваю значнасць, а аднаму з бацькоў — сысці з пазіцыі заўсёды правільнага і недасяжнага, пабыць у ролі дзіцяці.

— Арганізуючы ўзаемадзеянне з сям’ёй, мы праводзім сустрэчы з работнікамі аховы здароўя, юрыдычнай службы, праводзім акцыі, тыдні сям’і, КВЗ для дзяцей і бацькоў, дзе кожны на практыцы можа прымяніць свае веды, — расказвае загадчык ясляў-сада № 77 Гомеля Ірына Караткевіч. — У рабоце з бацькамі вялікую ўвагу ўдзяляем арганізацыі сумесных свят і забаў, правядзенню аглядаў-конкурсаў. Некалькі гадоў для маладых бацькоў, якія толькі прывялі сваё дзіця ў дашкольную ўстанову, працуе “Школа маладой сям’і”. Заняткі ў школе праводзяць спецыялісты і педагогі дашкольнай установы, а іх тэматыка вызначаецца ў адпаведнасці з запытамі бацькоў.

Наогул, у нашым яслях-садзе работа з сем’ямі выхаванцаў у прыярытэце, мы стараемся ўцягнуць татаў і матуль у жыццё ўстановы. Напрыклад, для тых, чые дзеці часта хварэюць, спецыяльна адкрыты клуб “Не хварэй”. Музычны кіраўнік Вольга Лімантава арганізавала работу музычнай гасцёўні “Наша спадчына” для дзяцей і бацькоў. Тут яны разам знаёмяцца з нацыянальнымі традыцыямі, беларускімі народнымі песнямі і танцамі.

Сёння нас радуюць ініцыятыўныя сем’і, якія сталі для нас галоўнымі памочнікамі. Іх мы аб’ядналі два гады назад у сямейны міні-клуб “Прыступкі”. Інфармацыю аб узаема­дзеянні з сем’ямі стараемся размяшчаць на сайце нашай установы, на старонках прафесійнага блога Тамары Вазовікавай “Шпаргалка для дарослых”, на сайтах аддзела адукацыі і ўпраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама.

Ганна БУРАЎЧАНКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 77 Гомеля.