×

І зноў па партызанскіх сцежках

30.11.2019 14:22,

Успаміны пра праведзены летні паход з навучэнцамі па партызанскіх сцежках Магілёўскай вобласці яшчэ свежыя ў памяці. Фотаздымкі з паходу, сумесныя гутаркі з дзецьмі пастаянна вяртаюць нас да ўсакінскіх лясоў, быццам нешта засталося незавершаным.

Рашэнне было прынята аднагалосна: зноў ідзём па партызанскіх сцежках! Група навучэнцаў Мазырскага цэнтра турызму і краязнаў­ства дзяцей і мола­дзі і сярэдняй школы № 5 Мазыра пад нашым кіраўніцтвам адправілася ў турыстычна-краязнаўчую даследчую экспедыцыю па Клічаўскім раёне Магілёўскай вобласці.

Наша асноўная мэта — востраў Верамееўка, які мы не паспелі наведаць летам. Ён ляжыць сярод балот у знакамітых усакінскіх лясах. Верамееўка была асноўным месцам дыслакацыі атрада “Слаўны” са жніўня 1943-га па красавік 1944 года.

Рэдка хто з мясцовых жыхароў адважваецца зазі­раць у далёкія, глухія месцы. Ад бліжэйшай вёскі Усакіна да вострава нямала — 15 кіламетраў па густых лясах і небяспечным балоце. Але нам пашанцавала: наш праваднік, мясцовы жыхар Алег Зайцаў, адкрыў нам таямніцу вострава. Ён добра ведае кожную сцяжынку, якая вядзе да гэтага закінутага месца, кожнае дрэўца і кожны кусцік на шляху, бо менавіта дзякуючы яго намаганням тут з’явіўся партызанскі мемарыял у памяць пра загінуўшых воінаў.

Група мазырскіх турыстаў-даследчыкаў разам з Алегам Міхайлавічам адправілася ўшанаваць памяць 21 байца спецатрада “Слаўны”. Алег Міхайлавіч не толькі дзяліўся з намі гістарычнымі звесткамі пра атрад, але і распавядаў пра родныя мясціны і сваё жыццё. Не абышоў увагай наш правадыр і прыгажосць навакольнай прыроды: незвычайныя дрэвы, якія зрасліся па два, пятнаццаціствольная ліпа, велізарны мурашнік, сляды лясных жывёл.

Дзе-нідзе захаваліся адгалоскі даўно мінулай вайны, якімі шчодра абсыпана гэтая зямля: стабілізатар міны, які вісіць на дрэве, падняўшыся разам з ім з зямлі, зарослыя травой акопы і ўмацаванні — як савецкія, так і нямецкія.

Стваралася ўражанне, што Алегу Міхайлавічу не патрэбны карта і компас: ён выдатна арыентаваўся. Гэта і нядзіўна:  заўзяты паляўнічы праходзіў па гэтых лясах па 80—100 км у дзень.

Дарога на Верамееўку была нялёгкай: халодны вецер, багна, паваленыя дрэвы, густыя зараснікі. Самым складаным, але самым незабыўным момантам стаў праход па багне. Трэба было адшу­каць тонкую сцежку з купін, каб перайсці да добра схаванага вострава. Гэта аказалася вельмі нялёгкай справай. Галінкі датыкаліся да твару. Не хапала апоры. Вада па-здрадніцку залівалася ў чаравікі. Але менавіта гэтыя хвіліны паказалі, наколькі моцныя духам і згуртаваныя юныя турысты. Яны дапамагалі адно аднаму, падбадзёрвалі, падтрымлівалі, працягвалі руку дапамогі.

Дабраўшыся да месца, ачысцілі ад лісця магілы і ўшанавалі памяць загінуўшых байцоў атрада “Слаўны”.

Дарога назад была не менш складанай, бо большая яе частка праходзіла ў цем­ры, а мы былі стомленымі. Паход пры святле ліхтарыкаў не пакінуў нікога абыякавым. Да таго ж гісторыі Алега Міхайлавіча рабілі наш шлях цікавым, час ішоў непрыметна.

На наступны дзень, перад ад’ездам, наша група наведала мемарыяльны комплекс, узведзены ў памяць аб партызанах, што змагаліся ў клічаўскіх лясах. Турысты з цікавасцю агледзелі зямлянкі, палявую кухню.

Далей на шляху — мемарыяльны комплекс “Вязень і Сялец”. У 1942 годзе 140 мірных жыхароў гэтых населеных пунктаў былі расстраляны фашыстамі, а вёскі спалены. На месцы іх пахавання ўстаноўлены помнік “Расколатая хата”.

За час нашай экспедыцыі мы пераканаліся, што вёска Усакіна і яе ваколіцы не пакінуць нікога абыякавым. Гэты населены пункт — своеасаблівы магніт, які прыцягвае ўсё больш людзей. А Усакінскі мемарыяльны комплекс — гэта напамін сучаснаму пакаленню аб беларускіх партызанах, якія аддалі свае жыцці за перамогу. Гэтыя ўрокі гісторыі пад адкрытым небам запомняцца назаўсёды.

Таццяна ТАЛМАЧОВА,
Зінаіда ШАЛАМІЦКАЯ,
педагогі дадатковай адукацыі, кіраўнікі экспедыцыі.