×

Ідэі для сумеснай творчасці

25.01.2020 12:28,

Лабараторыя інжынерна-тэхнічнай творчасці школьнікаў і студэнтаў STEM-Hub адкрылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Новы навукова-практычны цэнтр размясціўся на факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій.


Першакурснікі ў новай лабараторыі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій.

Пад абрэвіятурай STEM маецца на ўвазе комплекс дысцыплін у прыродазнаўчых, тэхналагічных, інжынерных навуках і матэматыцы, якія накіраваны на падрыхтоўку спецыялістаў для развіцця інавацыйнай эканомікі. У Беларусі гэтым кірункам займаецца асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”. За два гады яна адкрыла ў краіне каля 30 STEM-цэнтраў. Акцэнт робіцца на рэгіёнах.

У Гомельскай вобласці такія цэнтры, дзе школьнікі займаюцца праграмаваннем і робататэхнікай, ужо працуюць у Светлагорску і Лельчыцах. Канцэпцыя стварэння лабараторыі на базе УВА — першы вопыт у Беларусі. Дарэчы, да гэтага часу падобныя цэнтры дзейнічалі толькі на базе ліцэяў, гімназій і школ. Дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Аляксандр Хоміч гаворыць:

— Напрыклад, для таго каб зрабіць робата, спачатку трэба стварыць маленькую мадэль — працуючы прататып, і даказаць яго эфектыўнасць. Гэта важна, каб у распрацоў­шчыка паверылі і ўбачылі, што канцэпт працуе. Удалыя праекты пасля ацэнкі экспертаў будуць падтрыманы. Лепшым дадуць зялёнае святло на ўдасканаленне і рэалізацыю, а потым ужо можна будзе выпускаць прамысловыя ўзоры. Тут ёсць абсталяванне, якое дазваляе збіраць любы прататып, які можна паказваць інвестарам. У перспектыве з такімі прататыпамі можна і свае кампаніі ствараць.

Фінансавыя сродкі на падтрымку STEM-Hub выдзеліла кампанія MasterCard. Калектыў ГДУ пачаў рэалізоўваць ідэю. У новым класе будуць працаваць і вучыцца студэнты разам са школьнікамі. Аляксандр Хоміч падкрэслівае, што вельмі важна, каб праекты яны рабілі разам:

— Адпаведна, калі дзеці робяць праекты тут, у ГДУ імя Ф.Скарыны, то з большай доляй верагоднасці яны будуць паступаць сюды ж, на факультэт фізікі і інфармацыйных тэхналогій. Мы хочам, каб у Беларусі было больш спецыялістаў, якія асвойваюць дакладныя навукі і імкнуцца працаваць у тэхналагічных кампаніях.

Таксама работа ў новай лабараторыі дазволіць маладым навукоўцам удзельнічаць у міжнародных конкурсах.

— У лабараторыі самае сучаснае абсталяванне, — гаворыць дэкан факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Каваленка. — Сярод навінак — 3D-сканер, які дазваляе сканіраваць дэталь і раздрукоўваць яе на
3D-прынтары. Так званы камбайн, у якім знаходзяцца лазерны гравёр, прынтар і фрэзер. Мы і ў далейшым плануем супрацоўнічаць з асацыяцыяй “Адукацыя для будучыні”.

— Упэўнены, што адкрыццё лабараторыі стане першым крокам на шляху трансфармацыі УВА ў мадэль “Універсітэт 4.0”, — гаворыць рэктар ГДУ Сяргей Хахомаў.

Адначасова з адкрыццём лабараторыі дадзены старт адбору ў школу інжынернага прадпрымальніцтва на базе STEM-Hub. Яна павінна стаць сапраўдным цэнтрам для сумеснай творчасці школьнікаў старшых класаў і студэнтаў, месцам работы таленавітых выкладчыкаў. Тут школьнікі і студэнты змогуць мець зносіны з кампаніямі-рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій і ІТ-прадпрымальнікамі. Аб’яднаць людзей, у якіх ёсць ідэі, з экспертамі — задача школы інжынернага прадпрымальніцтва.

Падчас адкрыцця STEM-Hub у холе ўніверсітэта арганізавалі выставу тэхнічных дасягненняў студэнтаў, якімі ганарыцца факультэт. Госці здзейснілі экскурсію па новай лабараторыі і азнаёміліся з работамі прызёраў конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

STEM-Hub — прастора са спецыяльным абсталяваннем і праграмным забеспячэннем, дзе юныя інжынеры пад кіраўніцтвам дасведчаных выкладчыкаў, прадстаўнікоў інжынерных кампаній і прадпрымальнікаў змогуць рэалізоўваць свае ідэі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.