×

Імкненне да ведаў праз дзіцячую цікаўнасць

12.06.2019 11:46,

Успомніце цацку з люстранымі пласцінамі і каляровымі шкельцамі. Ледзь павернеш — новы ўзор. А як хацелася ў дзяцінстве разгадаць сакрэт чароўнай рознакаляровасці!

Вось і я склала свой педагагічны калейдаскоп, рассыпала на старонках “каляровыя шкельцы” дзіцячых праектаў. Разгледзім іх, каб сабраць затым у свае “ўзоры” — планы, мадэлі, ўрокі на месяц, чвэрць, навучальны год. І яшчэ каб зацвердзіцца ў думцы, што пазнавальная дзейнасць малодшых школьнікаў можа быць займальная, рознабаковая, асобасна і грамадска значная.

Кожны праект — маленькі крок на шляху да ведаў, кропля ў тым моры жыццёвага вопыту, якое фарміруе асобу.

Напэўна, кожны педагог задаваў сабе пытанне: як навучыць дзяцей таму, што дапаможа ім у дарослым жыцці? Я для сябе знайшла выхад. Ён нялёгкі, але эфектыўны. Гэта прымяненне калектыўных праектаў. Пры рабоце над праектам фарміруецца каштоўнаснае стаўленне да ведаў, працэсу пазнання. Развіваюцца пазнавальныя запатрабаванні і інтарэсы, выпрацоўваецца ўменне працаваць з кнігай, з інфармацыяй, дзеці далучаюцца да культуры разумовай працы.

Асаблівасць калектыўнага праекта — у тым, што ён займае прамежкавае месца паміж вучэбнай і пазакласнай працай, злучаючы вучобу і вольны час. З аднаго боку, ён спрыяе назапашванню і ўдасканаленню ведаў, з другога — узбагачае вольны час дзяцей, напаўняючы яго сацыяльна каштоўным зместам.

На долю настаўніка выпадае цяжкая задача выбару праблем для праектаў, а праблемы гэтыя можна браць толькі з навакольнай рэчаіснасці, з жыцця.

Праект — гэта пяць “П”: праблема — планаванне — пошук інфармацыі — прадукт — прэзентацыя. Шостае “П” праекта — яго партфоліа, г.зн. папка, у якой сабраны ўсе працоўныя матэрыялы праекта, у тым ліку чарнавікі, планы і справаздачы.

Навучальны праект мае вялікую колькасць разнавіднасцяў. На практыцы выкарыстоўваюць у асноўным змешаныя тыпы праектаў, у якіх маюцца прыкметы даследчых, гульнявых, творчых праектаў.

Я аддаю перавагу калектыўным доўгатэрміновым міжпрадметным праектам. За аснову такога праекта прапаную ўзяць актуальныя на бягучы момант тэмы. Яны абмяркоўваюцца з дзецьмі. Праводзіцца анкетаванне. Зыходзячы з вынікаў, выбіраецца тэма, па якой плануецца даследчая праца.

Мы з вучнямі працавалі над такімі калектыўнымі праектамі, як “Ніхто не забыты, нішто не забыта”, “Квітней заўсёды, зямля мая! Мая любоў! Мая мара”, “Капейка рубель беражэ” і інш.

У гэтым навучальным годзе мы працавалі над вучэбна-даследчым праектам “Прымаўка — кветачка, прыказка — ягадка”. Найбольшае развіццё ён атрымлівае на ўроках літаратурнага чытання і рускай мовы.

Сваю дзейнасць над стварэннем праекта я арганізавала паэтапна. Для раскрыцця тэмы праекта навучэнцы самі выбралі раздзелы, сфарміравалася тры групы. Кожная адзначыла сваю старонку прыказкай. Абралі форму прадукту ў выглядзе кніжкі-раскладанкі і час для стварэння проекта — шэсць месяцаў.

Таксама прынялі правілы работы ў групе. Дзеці ў групах збіралі патрэбную інфармацыю, працуючы ў бібліятэках, з інтэрнэт-рэсурсамі, пісалі сачыненні, малявалі малюнкі. Я як настаўнік актыўна ўключала на ўроку беларускай мовы, рускай літаратуры і матэматыкі матэрыял, вывучаны дзецьмі, імкнучыся абагульніць яго, дапамагала правільна зрабіць выснову, арганізаваць працу ў патрэбным кірунку. Лічу, што адзін з найважнейшых фактараў у рабоце над калектыўным праектам — арганізацыя кантрольнай дзейнасці.

Аналізуючы праведзеную работу, хачу адзначыць, што заняткі праектнай дзейнасцю дапамаглі павысіць цікавасць дзяцей да работы з кнігай, з’явілася цікавасць да засваення камп’ютара і атрыманы навыкі працы з ім. Сумесная дзейнасць вучняў з’яднала калектыў. Павысілася актыўнасць на ўроках, знікла боязь няправільнага адказу, залішняя сарамлівасць.

Хочацца адзначыць, што з дапамогай работы над калектыўным праектам простая дзіцячая цікаўнасць ператвараецца ў найкаштоўнейшую, на мой погляд, уласцівасць — пазнавальную запатрабаванасць.

Таццяна ЛАТЫШАВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Чачэрска.