×

Імпульс для далейшага развіцця

11.02.2020 13:32,

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Флора і расліннасць” стала ўладальнікам гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Аб’яднанне працуе на кафедры батанікі і фізіялогіі раслін біялагічнага факультэта больш за 10 гадоў. У 2008 годзе яно было створана з мэтай прыцягнення моладзі да даследаванняў у галіне рацыя­нальнага выкарыстання і аховы флоры і расліннасці Беларускага Палесся.

— Мы запрашаем у СНДЛ юнакоў і дзяўчат, якія захоплены навукай, жадаюць займацца грунтоўнымі даследаваннямі, выступаюць на конкурсах. Многія з іх паступаюць у магістратуру. За апошнія два гады 45 нашых студэнтаў і магістрантаў прынялі ўдзел у выкананні сямі навукова-даследчых праектаў агульным аб’ёмам фінансавання больш за 142 000 беларускіх рублёў, — расказвае загадчык кафедры батанікі і фізіялогіі раслін, кандыдат біялагічных навук, дацэнт Мікалай Дайнека.

Удзельнікі студэнцкай лабараторыі апублікавалі 213 навуковых работ, прынялі ўдзел у 16 навуковых канферэнцыях, атрымалі 4 дыпломы I ступені ў рэспубліканскім конкурсе навуковых работ. Студэнты перамагалі ва ўсерасійскіх і міжнародных конкурсах навуковых работ, рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, падрыхтавалі 11 актаў укаранення ў вучэбны працэс ГДУ імя Ф.Скарыны, школ Гомеля і Жыткавіч.

Кіраўнік навуковага аб’яднання “Флора і расліннасць” — кандыдат біялагічных навук дацэнт кафедры батанікі і фізіялогіі раслін Андрэй Цурыкаў. Малады вучоны перакананы, што пераацаніць значэнне добрай матэрыяльна-тэхнічнай базы вельмі складана, нават немагчыма.

— Прэзідэнцкі грант дазволіць нам зрабіць вялікі крок наперад у правядзенні навуковых даследаванняў, падрыхтоўцы спецыя­лістаў, выкананні дзяржаўных праграм.

Памер гранта для студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Флора і расліннасць” складае 71 910 рублёў. За гэты кошт плануецца стварыць і абсталяваць лабараторыю малекулярна-генетычнага аналізу.

— Гэта дазволіць праводзіць даследаванні на сучасным узроўні, ажыццяўляць узаемадзеянне з іншымі ўстановамі адукацыі і навукова-даследчымі інстытутамі Рэспублікі Беларусь, краін блізкага і далёкага замежжа, — дзеліцца планамі дэкан біялагічнага факультэта, доктар біялагічных навук, прафесар Віктар Аверын. — У моладзі з’явіцца магчымасць працаваць з сусветнымі базамі даных генетычнай інфармацыі. А атрыманне ўласных генетычных даных дазволіць праводзіць іх філагенетычны аналіз, асвойваць сучасныя прынцыпы сістэматыкі біялагічных аб’ектаў і падыходаў да іх класіфікацыі і эвалюцыі.

Студэнцкая навуковая лабараторыя “Флора і расліннасць” ГДУ імя Ф.Скарыны атрымала фінансавую падтрымку спецыяльнага фонду прэзідэнта разам са сталічнымі ўстановамі адукацыі: тэхнічнай акадэміяй навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, СНДЛ “Біяфізіка і клетачныя тэхналогіі” БДУ і студэнцкім бюро “Водная і камунальная гаспадарка” БНТУ. Рэгіянальнай УВА складана вытрымліваць такую высокую канкурэнцыю, аднак ГДУ імя Ф.Скарыны выдатна спраўляецца з гэтай задачай. За час існавання спецфонду дзевяць студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый Гомельскага дзяржуніверсітэта станавіліся заслужанымі ўладальнікамі прэзідэнцкага гранта.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.