×

Імёны, упісаныя ў летапіс Гомельшчыны

28.12.2019 14:50,

Лепшыя прадстаўнікі школ, гімназій, ліцэяў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з розных куточкаў Гомельшчыны атрымалі прэміі Гомельскага аблвыканкама.


Сярэбраны прызёр 11-га Міжнароднага турніру юных матэматыкаў і пераможца рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, навучэнец гімназіі № 71 Андрэй Ганчарэнка.

Сёлета прэміі былі ўдастоены 49 навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. Сярод лаўрэатаў нямала тых, хто праслаўляе нашу краіну за мяжой, вяртаючыся пераможцамі з міжнародных прадметных алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый. Таленты некаторых па-сапраўднаму здзіўляюць.

Звяртае на сябе ўвагу мініяцюрная дзяўчынка з коратка падстрыжанымі валасамі. Спрабуеш уга­даць,  у чым яе дасягненні. Пачынаецца ўзнагаро­джанне, і вось тваё першае здзіўленне. Гэта навучэнка гомельскай гімназіі № 10 Ангеліна Себік, якая з’яўляецца пераможцай нацыянальнага этапу
12-га Сусветнага конкурсу “Мост кітайскай мовы” сярод школьнікаў, пераможцай абласнога этапу алімпіяды па кітайскай мове. Кітайскую дзяўчынка вывучае ўжо 4 гады, і сёння яна ведае тысячы іерогліфаў. А яшчэ Ангеліна выдатна валодае англійскай мовай і размаўляе на чысцюткай беларускай. З гэтым багажом у дзяўчыны, несумненна, выдатная будучыня. Яна прызналася, што плануе звя­заць сваю прафесійную дзейнасць з развіццём беларуска-кітайскіх сувязей.

У навучэнца гімназіі № 71 Андрэя Ганчарэнкі ўжо некалькі значных перамог. Ён — сярэбраны прызёр 11-га Міжнароднага турніру юных матэматыкаў і пераможца рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. Створаны юнаком робат-экскурсавод прынёс гомельскаму гімназісту перамогу на рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаІнтэлект”.

Навучэнка гомельскай гімназіі № 51 Паліна Салміна — абсалютны пераможца алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” і Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

У кожнага з паўсотні юных інтэ­лектуалаў свае маленькія і вялікія дасягненні. Гэта толькі першыя крокі да вяршынь, але ж менавіта яны назаўсёды ўпісалі імёны юнакоў і дзяўчат у кнігу-летапіс “Юныя таленты Гомельшчыны”.

Ёсць у запаветнай кнізе і імя Арцёма Кірэйшына. 11 гадоў назад ён,  вучань адной з сельскіх школ Ельскага раёна, пераможца Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, таксама быў удастоены прэміі аблвыканкама. Сёння Арцём Аляксандравіч выкладае гісторыю ў гомельскай сярэдняй школе № 31 і разам з калегамі рыхтуе каманду да ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Малады настаўнік звярнуўся да сённяшніх лаўрэатаў з пажаданнем заставацца такімі ж мэтанакіраванымі, заўсёды ісці наперад і нязменна верыць у свае сілы.

Уручэнне прэмій Гомельскага абл­выканкама навучэнцам, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці, праводзіцца штогод з 1999 года. За гэты час узнагароду атрымалі 1020 таленавітых маладых людзей. Прыемна, што з кожным годам сярод лаўрэатаў прэміі з’яўляецца ўсё больш і больш навучэнцаў з устаноў адукацыі невялічкіх гарадоў і вёсак. Гэты факт адзначыў пры ўручэнні прэмій і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Ён падкрэсліў, што гэта пераканаўча даказвае існаванне роўных умоў і роўных магчымасцей для атрымання адукацыі, для заняткаў спортам, развіцця творчых здольнасцей.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.