×

Інклюзіўны “Трохвугольнік”

26.09.2019 11:19,

Уключэнне людзей, у прыватнасці, дзяцей, з абмежаванымі магчымасцямі ў актыўнае грамадскае жыццё — не проста актуальная тэма сённяшняга дня, а неабходная і вартая справа. Адносна дзяцей гэта асабліва важна, паколькі ў далейшым яны будуць адаптаваны да асяроддзя, да людзей, якія іх акружаюць, наогул, ім будзе значна лягчэй успрымаць сябе, разумеючы, што яны адрозніваюцца ад іншых.

Уключэнне людзей, у прыватнасці, дзяцей, з абмежаванымі магчымасцямі ў актыўнае грамадскае жыццё — не проста актуальная тэма сённяшняга дня, а неабходная і вартая справа. Адносна дзяцей гэта асабліва важна, паколькі ў далейшым яны будуць адаптаваны да асяроддзя, да людзей, якія іх акружаюць, наогул, ім будзе значна лягчэй успрымаць сябе, разумеючы, што яны адрозніваюцца ад іншых.

Зараз дзейнічаюць і працягваюць стварацца інклюзіўныя класы і групы ва ўстановах адукацыі, у гэтым кірунку таксама працуюць многія грамадскія арганізацыі і аб’яднанні. Так, на Гомельшчыне пяць гадоў запар для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі адчыняе свае дзверы інклюзіўны лагер з незвычайнай назвай “Трохвугольнік”, арганізатарам якога з’яўляецца дабрачынная арганізацыя “Лепшы шлях”. Чаму менавіта гэтая геаметрычная фігура вызначае сутнасць такога мерапрыемства?

— Усё проста, — тлумачыць намеснік старшыні Гомельскай абласной дабрачыннай грамадскай арганізацыі “Лепшы шлях” Міхаіл Літвінчук. — Наш “Трохвугольнік” складаецца з трох асноўных кропак: веры, надзеі і міласэрнасці, якія непарыўна злучаны паміж сабой. Як трохвугольнік мае тры грані, так і наш праект грунтуецца на трох асноўных прынцыпах. Мы перакананы, што кожны чалавек — раўнапраўны член нашага грамадства і варты любові, увагі і разумення. Гэта вера. У нас ёсць надзея на тое, што сумеснымі намаганнямі мы зможам пераадолець усе цяжкасці і выйсці пераможцамі. І, нарэшце, міласэрнасць — якасць, якая заўсёды адрознівала славянскага чалавека, гатовага дапамагаць, суперажываць і ў цяжкія хвіліны падставіць плячо.

— Калі пачыналася ажыццяўленне ідэі “Трохвугольнік”, нават мы, арганізатары, не зусім былі гатовы да такога шырокага рэзанансу як у грамадстве, так і сярод саміх людзей з інваліднасцю, — уключаецца ў размову кіраўнік дабрачыннай арганізацыі Юрый Куніцкі. — Сёння, калі мінула пяць гадоў як стартаваў праект, інклюзіўны лагер мае статус міжнароднага, ён збірае пад сваім крылом як людзей з абмежаванымі магчымасцямі з розных рэгіёнаў нашай краіны, так і валанцёраў з нямецкай арганізацыі “Разам — у будучыню”.

Днямі чарговы “Трохвугольнік” завяршыў сваю работу. Сёлета інклюзіўны лагер разгарнуўся на базе Цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Гомельскага раёна ў вёсцы Старыя Дзятлавічы. 20 дзяцей з рознымі фізічнымі праблемамі правялі тут тры незабыўныя дні. Яны былі ўцягнуты ў разнастайную праграму, якая ўключала спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, творчыя заданні і групавыя лекцыі з псіхолагам. Карыснымі і цікавымі былі для ўдзельнікаў лагера вольныя хвіліны, якія запаўняліся размовамі, абмеркаваннямі сваіх магчымасцей і пэўнага вопыту.

Мэтавая аўдыторыя інклюзіўнага лагера — дзеці і падлеткі. Але, як адзначаюць арганізатары, ён не меў бы такога значэння без удзелу валанцёраў, розных спецыялістаў і людзей, якія пераадолелі свае праблемы і цяпер могуць стаць выдатным прыкладам таго, як уключыцца ў грамадства і пражываць паўнавартаснае жыццё, нягледзячы на фізічныя захворванні. Другі год запар да “Трохвугольніка” далучаюцца мінчане — юнакі і дзяўчаты, якія пераадолелі цяжкасці і сёння ажыццяўляюць сваю мару — падарожнічаюць на старэнькім аўтамабілі па Еўропе. У гэтым годзе яны наведалі Парыж і з задавальненнем дзяліліся сваімі ўражаннямі з іншымі ўдзельнікамі лагера.

— Гэтыя маладыя людзі — неверагодны прыклад для дзяцей, якім у хуткім часе прыйдзецца ў поўнай меры адаптавацца ў нашым грамадстве, — гаворыць Міхаіл Літвінчук. — Пакуль яны дзеці, яны маюць як мінімум падтрымку бацькоў. Калі яны падрастуць, ім прыйдзецца быць больш самастойнымі, прымаць нейкія важкія рашэнні, ды і проста жыць паўнавартасным жыццём. І калі сёння яны даведваюцца пра тое, што такія ж людзі з праблемамі фізічнага здароўя адкрываюць для сябе новыя гарызонты, ставяць перад сабой мэты і ажыццяўляюць свае мары, яны пачынаюць па-іншаму глядзець на свет. Гэта насамрэч неверагодная матывацыя.
Вялікая роля ў рэалізацыі інклюзіўнага праекта належыць валанцёрам. Як правіла, менавіта яны бяруць на сябе галоўную нагрузку ў рабоце з дзецьмі, прыдумляюць конкурсы, гульні, уцягваюць удзельнікаў лагера ў актыўную дзейнасць. Сёлета з Германіі для работы ў лагеры прыехалі шасцёра студэнтаў, трое з іх у Беларусі былі ўпершыню. Дарэчы, па-руску з іх размаўлялі толькі двое, але гэта не стала нейкай перашкодай для зносін з нашымі дзецьмі.

— Я не першы раз прыязджаю ў Беларусь, мне вельмі падабаецца ваша краіна і гасцінныя, адкрытыя людзі, якія тут жывуць, — дзеліцца Ян Маціс Экерт, нямецкі валанцёр, студэнт медыцынскага факультэта Вюрцбургскага ўніверсітэта імя Юліуса і Максіміліяна — адной з найстарэйшых устаноў вышэйшай адукацыі Германіі. — У нас было не так шмат часу, які мы маглі правесці ў вашай краіне, але ж мы стараліся зрабіць усё, што было ў нашых сілах. Для мяне асабіста ўдзел у праекце мае вялікую цікавасць. Кожны раз я адкрываю для сябе нешта новае і бачу добрыя вынікі той справы, якой мы займаемся разам з арганізацыяй “Лепшы шлях” ужо на працягу трох гадоў.

Супрацоўніцтва з нямецкай арганізацыяй “Разам — у будучыню” — гэта, несумненна, новы віток у развіцці “Трохвугольніка”. Партнёры з Германіі не толькі накіроўваюць сваіх валанцёраў для работы ў дабрачынным праекце, але таксама падтрымліваюць яго фінансава.

Варта сказаць, што ў гэтым годзе нямецкія партнёры нават выйшлі за рамкі праекта. Валанцёры наведалі бальніцу сястрынскага догляду, якая размяшчаецца ў той жа вёсцы Гомельскага раёна, дзе базіраваўся сёлета інклюзіўны лагер. Маладыя людзі вырашылі зрабіць свой уклад і пакінуць тут аб сабе добрыя ўспаміны. Яны пафарбавалі хол, памянялі вокны і дзверы ў санпрапускніку, устанавілі бойлер для падагрэву вады.

Магчыма, гэта невыпадкова, што сёлетні лагер праходзіў менавіта ў Старых Дзятлавічах. У мінулыя гады тэрыторыяй для яго правядзення станавіліся Лоеўскі і Хойніцкі раёны. Наогул жа, арганізатары не прывязваюцца да нейкага пэўнага месца. Па сутнасці, не столькі важна, на якой тэрыторыі збяруцца ўдзельнікі. Важна сама мэтавая аўдыторыя — дзеці і падлеткі з фізічнымі абмежаваннямі. Пры гэтым каманда абласной дабрачыннай арганізацыі не ставіць нейкія рамкі, удакладняючы, што яны абсалютна адкрытыя і далучыцца да праекта “Трохвугольнік” могуць жадаючыя з іншых рэгіёнаў краіны. Больш за тое, у планах на найбліжэйшую перспектыву — запрасіць да ўдзелу ў інклюзіўным лагеры прадстаўнікоў суседніх Расіі і Украіны.

Яшчэ адзін важны крок, які бачаць у “Лепшым шляху”, — гэта ўцягваць у падтрымку праекта прадстаўнікоў беларускага бізнесу.

— Наша дабрачынная арганізацыя — гэта своеасаблівы мост, — гаворыць яе кіраўнік Юрый Куніцкі. — Да нас звяртаюцца людзі са сваімі праблемамі, а мы шукаем тых, хто здольны паспрабаваць гэтыя праблемы вырашыць. Адны мы не зможам працаваць над глабальнымі пытаннямі. Сёння мы разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі і мясцовымі ўладамі робім вялікую справу. Калі да нас далучацца бізнес-структуры, разам мы зможам рэалізоўваць сур’ёзныя вялікія праекты.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота прадастаўлена дабрачыннай арганізацыяй “Лепшы шлях”.