×

Камаедзіца, або Першыя крокі ў мінуўшчыну

03.04.2019 15:35,

Сёння адным з прыярытэтных напрамкаў варта лічыць выхаванне, якое ажыццяўляецца на аснове нацыянальнай культуры. Менавіта цяпер, у Год малой радзімы, шмат гаворыцца аб адраджэнні масавай культуры і традыцый. Дашкольны ўзрост — спрыяльны перыяд для далучэння дзяцей да народных вытокаў. Пройдзе час — дзеці вырастуць і будуць уплывать на лёс сваёй краіны. Выхаванне дзяцей у духу народных традыцый дапамагае ім адчуваць сябе носьбітамі культуры роднага краю, развівае нацыянальную самасвядомасць і нацыянальны гонар, павагу да свайго народа.

Беларускае Палессе заўсёды славілася прыгажосцю і багаццем музыкі, літаратуры, святамі і звычаямі. Ёсць традыцыі і святы, якія на пэўны час былі забыты, страчаны. Але паступава пра іх успамінаюць, адраджаюць і з вялікай цікавасцю зноў адзначаць. Адным з такіх святаў на Гомельшчыне з’яўляецца Камаедзіца. Гэта каляндарна-абрадавае свята ўшанавання мядзведзя, прысвечана яно сустрэчы вясны, абуджэнню прыроды. Лічыцца, што мядзведзь на другі дзень пасля Камаедзіцы прачынаецца, а разам з ім — і прырода. Прашчуры-беларусы ўслаўлялі яго і ставіліся як да паважанага родзіча. Каб заручыцца яго спагадлівасцю, рыхтавалі яму пачастункі.

Гэтак, па-беларуску, весела, шчыра і шчодра будзілі і ўслаўлялі мядзведя ў яслях-садзе № 6 Светлагорска. У зале, упрыгожанай у стылі беларускай хаты, сабраліся дзеці, супрацоўнікі  ўстановы, а таксама бацькі выхаванцаў. Усе разам не толькі разбудзілі і пачаставалі мядзведзя, але і завабілі яго ў гульні і конкурсы.

У выкананні дзяцей гучалі вершы і песні святаў веснавога цыкла. Cваю долю апладысментаў атрымалі запальны калектыўны танец “Незвычайная полька”, і карагод “Веснавое сонейка”.  Дзяўчаты разам з матулямі на свяце спявалі прыпеўкі і частавалі ўсіх прыгатаванымі блінамі ды аладкамі. А таты і хлапчукі мераліся сіламі.

Напыканцы арганізатар свята музычны кіраўнік установы Вераніка Уладзіміраўна Дзмітрыева падзякавала ўсім за актыуны ўдзел і адзначыла, што такія мерапрыемствы духоўна ўзбагачаюць, ствараюць магчымасць для ўсебаковага развіцця, дапамагаюць у далейшым адчуць сябе носьбітам мясавай культуры, падтрымліваюць цікавасць да гісторыі і культуры.

Звяртаючыся да бацькоў, яна адзначыла, што многія сем’і мала ведаюць пра народныя святы і абрады: знаёмы толькі Каляды і Вялікдзень. І менавіта цяпер, у Год малой радімы, кожны з нас можа ўнесці асабісты ўклад дзеля таго, каб адрадзіць культурныя  каштоўнасці.

“А калі наступнае свята? Запрасіце нас яшчэ, калі ласка”, — прагучала па-беларуску ад кагосьці з бацькоў.

І гэта было найлепшай адзнакай працы музычнага кіраўніка.

Алена ШУСТ,
загадчык ясляў-сада № 6 Светлагорска.