×

Кампетэнцыі, неабходныя на рынку працы

12.12.2019 15:42,

Дэлегацыя ГДУ імя Ф.Скарыны прыняла ўдзел у выніковай міжнароднай канферэнцыі па праекце праграмы ERАSMUS + “Садзейнічанне развіццю кампетэнцый у беларускай вышэйшай адукацыі” (FOSTERC), якая прайшла ў Мінску.

Міжнародная канферэнцыя была арганізавана Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы сумесна з Навукова-даследчым інстытутам INGENIO Політэхнічнага ўніверсітэта Валенсіі (Іспанія).

На канферэнцыі падведзены вынікі працэсу ўкаранення вынікаў праекта ў вучэбна-праграмную дакументацыю адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У форуме прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх універсітэтаў — удзельнікаў кансорцыума праекта (а гэта чатыры заходнееўрапейскія і восем беларускіх універсітэтаў, а таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь), супрацоўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія курыруюць вучэбна-метадычную работу.

У ходзе канферэнцыі абмеркаваны вынікі праекта FOSTERC для сістэмы вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вынікамі праекта, які ажыццяўляецца з 2016 года, стала правядзенне буйнамаштабнага даследавання-апытання выпускнікоў і выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў, а таксама працадаўцаў. Усяго было апытана больш за 5000 чалавек — прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі. 

Па выніках аналізу праведзенага анкетавання з улікам пажаданняў зацікаўленых бакоў былі значна скарэкціраваны навучальныя планы і праграмы магістратуры па шэрагу спецыяльнасцей, якія былі апрабаваны ў ходзе эксперыментальнага праекта ў васьмі беларускіх універсітэтах. Атрыманыя станоўчыя вынікі пакладзены ў аснову новага пакалення стандартаў магістратуры, якія ўступілі ў сілу з пачатку гэтага навучальнага года на ўсёй тэрыторыі і ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі краіны, а таксама змяненняў у Кодэкс аб адукацыі.

Вячаслаў БЕЙЗЕРАЎ,
дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Ф.Скарыны.