×

Карыснае лета

07.08.2019 14:43,

Традыцыйна вялікая колькасць нараўлянскіх дзяцей у летні час адпраўляецца на аздараўленне ў санаторыі Беларусі або за мяжу — Нараўлянскі раён адзін з найбольш пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Добра пабачыць вялікі і цудоўны свет, паправіць сваё здароўе, завесці знаёмствы з равеснікамі з другіх школ.

Але васьмікласнікі спланавалі летнія канікулы па-своему: аздаравіліся яшчэ зімой і адразу прынеслі свае заявы ў летнік працы і адпачынку, які ўжо 7 гадоў запар паспяхова працуе ў гімназіі Нароўлі.

Распарадак дня ў лагеры такі: у першай палове дня хлопчыкі і дзяўчынкі шыюць бялізну для дзіцячых садкоў і сваёй установы, паліваюць і полюць градкі на прышкольным участку, а ў другой палове іх чакаюць экскурсіі на прадпрыемствы горада, спартыўныя мерапрыемствы, пазнавальныя гутаркі з рознымі спецыялістамі.

Не застануцца без увагі і ветэраны вайны і працы. У межах акцыі “Клопат” навучэнцы гімназіі абавязкова наведаюць іх, акажуць неабходную дапамогу.

Летнік вучыць жыць беражліва, ініцыятыўна, творча, ды і зароблены рубель не будзе лішнім ў кішэні. Бацькі спакойныя за падлеткаў, кіраўнік радуецца поспехам дзяцей, а гімназісты стараюцца быць лепшымі ва ўсіх справах.

Жанна ІСАЧАНКА,
начальнік лагера працы і адпачынку гімназіі Нароўлі.