×

Казкі, напісаныя дзецьмі

13.06.2019 10:48,

Кожнае пакаленне дзяцей выхоўваецца на казках. Гэтыя фантастычныя творы, іншы раз з неверагоднымі выдумкамі, сапраўды выхоўваюць, фарміруюць каштоўнасці і вучаць дабрыні.

А якія казкі могуць прыду­маць самі дзеці? Гомельскае адкрытае акцыянернае таварыства “Мілкавіта” вырашыла даведацца пра гэта і аб’явіла конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці “Я люблю малако”, тым больш што для гэтага была добрая нагода — святкаванне Міжнароднага дня абароны дзяцей і Сусветнага дня малака, якія адзначаюцца ў адну дату.

Удзельнікамі конкурсу сталі навучэнцы 5—9 класаў устаноў адукацыі абласнога цэнтра, прыхільнікі літаратурнай творчасці, якія хацелі б паспрабаваць напісаць казку пра малако. “Настаўніцкая газета” як галіновае выданне таксама падтрымала конкурс у якасці інфармацыйнага партнёра. Зразумела, лепшыя юныя казачнікі не засталіся без падарункаў і ад нашай газеты.

На суд журы літаратурнага конкурсу было даслана каля 30 казак. Дзеці па-сапраўднаму здзівілі сваёй фантазіяй, сюжэтамі і стылем. Хтосьці нават спрабаваў пісаць казку ў вершаванай форме. Адны бралі за аснову сюжэтныя лініі вядомых з маленства казак, іншыя асноўвалі свой твор на прыгодніцкіх апавяданнях. Але, што вельмі парадавала, былі творцы, якія вызначыліся сваёй непасрэднасцю і сапраўдным аўтарскім стылем.

Навучэнка Гомельскай Ірынінскай гімназіі Ганна Уласенка прадставіла на конкурс казку “Блакітны кубак, ці Падарожжа ў Малочнае каралеўства”. Галоўным героем твора стаў хлопчык Мікіта, які вельмі не хацеў піць малако і заўсёды спрачаўся з матуляй. Аднойчы ён апынуўся ў спякотнай пустыні і яго мучыла смага. Герою разам з сябрамі — Сярэбранай Лыжачкай і Чупа-Чупсам — прыйшлося прайсці мноства выпрабаванняў, каб трапіць у цудоўнае Малочнае каралеўства і напіцца. Цудоўнай казцы Ганны журы аднагалосна прысудзіла 1-е месца.

2-е месца аддадзена навучэнцы 7 класа сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева Гомеля Валерыі Вярбіцкай за казку пра дзве зорачкі — Мілкавіту і Славіту, якія ўтварылі сусвет з дапамогай дзіўных якасцей малака. 3-е месца — у навучэнкі 8 класа сярэдняй школы № 40 Гомеля Марыі Бабковай за казку “Спрэчка”. Казка дзяўчынкі пра тое, як аднойчы раніцай малочныя прадукты ў хала­дзільніку пачалі спрэчку аб тым, хто з іх  найбольш карысны. Сыр, смятана, кефір, вяршкі — кожны лічыў сябе асноўным. Прымірыць іх змагло толькі малако, запэўніўшы, што ўсе яны аднолькава важныя для арганізма чалавека.

Пераможцы атрымалі падарункі і дыпломы падчас гарад­скога свята для дзяцей “Milkфэст”, якое прай­шло ў абласным цэнтры. Але ж на гэтым дзіцячая творчасць не заканчваецца.

— Мы плануем у хуткім часе выдаць кнігу “Казкі пра малако”, куды ўвойдуць казкі-пераможцы нашага конкурсу, а таксама тыя творы, якія крыху не дацягнулі да прызавых месцаў, але могуць быць цікавымі маленькім чытачам, — расказала намеснік генеральнага дырэктара па агульных пытаннях і ідэалагічнай рабоце ААТ “Мілкавіта” Алена Лапава.

Варта сказаць, што ілюстрацыі да кнігі казак, як плануецца, будуць таксама намаляваны навучэнцамі ўстаноў адукацыі, якія займаюцца малюнкам.

Наталля ЛУТЧАНКА.