×

Кнігі для дзіцячага дома

14.02.2020 14:07,

Беларускамоўныя кнігі, сабраныя неабыякавымі супрацоўнікамі выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, днямі папоўнілі фонд бібліятэкі Мазырскага дзіцячага дома.

Сваю галоўную задачу кіраўніцтва і педагогі гэтай установы бачаць у тым, каб падрыхтаваць выхаванцаў да жыцця, навучыць іх існаваць у соцыуме, выпусціць у свет усебакова развітых, адукаваных асоб.

Прывіваць любоў да кнігі — таксама адзін з важных пунктаў. У невялічкай бібліятэцы дзіцячага дома на паліцах месціцца самая розная літаратура. Праўда, у адзін з візітаў ва ўстанову прадстаўніка выдавецкага дома “Педагагічная прэса” бібліятэкар Алена Касцянка заўважыла, што ў картатэцы не так шмат беларускамоўных кніг. Вось так узнікла ідэя аказаць дзіцячаму дому маленькую дапамогу.

Журналісты знайшлі ў сваіх дамашніх бібліятэках шмат выдатнай дзіцячай літаратуры. Цяпер прыхільнікі чытання змогуць чытаць на беларускай мове не толькі беларускіх пісьменнікаў, але і, напрыклад, творы Дастаеўскага ці “Маленькага прынца” Антуана дэ Сент-Экзюперы.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА.