×

Конкурс “ТэхнаІнтэлект” дапамагае знайсці пераемнікаў Ілана Маска

06.02.2020 14:20,

Свае інжынерныя веды і навыкі прадэманстравалі 87 навучэнцаў ва ўзросце 14—18 гадоў на XXI адкрытым абласным конкурсе “ТэхнаІнтэлект”. Пераможцы і прызёры раённых і гарадскіх конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці з усіх раёнаў Гомельшчыны прадстаўлялі свае праекты ў два этапы. На вочным удзельнікі прэзентавалі свае ідэі ў тэхнічным мадэляванні, канструяванні, радыёэлектроніцы, робататэхніцы. На завочным паказалі творчыя работы па архітэктуры.

Конкурс праходзіў на базе факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Загадчык аддзела Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Алена Мартынава адзначыла, што ў інтэлектуальным спаборніцтве прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — пераможцы і прызёры раённых і гарадскіх конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці, самыя актыўныя члены аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю, якія праявілі здольнасці ў мадэляванні, канструяванні і маюць схільнасці да навукова-даследчай і эксперыментальнай дзейнасці.

Вочнай формай конкурсу стала навукова-практычная канферэнцыя. Сем секцый прадстаўлялі кірункі тэхнічнай творчасці. Навучэнцы Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі Ягор Аўдзейчык, Мікіта Махаў і Ягор Караткевіч занялі першыя месцы ў намінацыях “Тэхнічнае мадэляванне”, “Радыёэлектроніка” і “Мультымедыйныя тэхналогіі”.

Лідар у намінацыі “Тэхнічнае канструяванне” — вучань гомельскай сярэдняй школы № 9 Міхась Свістуноў. Дзіяна Талецкая з гімназіі Петрыкава перамагла ў секцыі “Навуковыя даследаванні і эксперымент”. Лепшы ў намінацыі “Інфарматыка і вылічальная тэхніка” — Ягор Данчанка з гімназіі № 71 Гомеля. Георгій Яфіменка, які выступаў за камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска, стаў першым у секцыі “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэ­лектуальныя сістэмы”.

Тры завочныя намінацыі конкурсу прапанавалі дзецям стварыць творчыя работы на розныя тэмы ў галіне архітэктуры. Урэшце лепшай сярод тых, хто ўвасабляў колер у архітэктуры, стала Аляксандра Лук’яненка з сярэдняй школы № 9 Рэчыцы. Пераможца ў намінацыі “Кампазіцыя” — Паліна Гнездзікава з гімназіі Хойнікаў. Секцыя “Архітэктурны малюнак” стала пераможнай для Ксеніі Кавальчук, якая прадстаўляла Нараўлянскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі.

У агульным заліку сярод 26 каманд вобласці ўпэўнена перамаглі прадстаўнікі Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. На 2-м месцы — каманда з Петрыкаўскага раёна. У тройцы лідараў таксама юныя тэхнаінтэлектуалы са Светлагоршчыны.

Усе дыпламанты конкурсу атрымалі памятныя прызы, магчымасць ста ць членамі абласной каманды і прыняць удзел у Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”. Арганізатары  конкурсу гавораць, што ў кожнага школьніка была магчымасць раскрыць свае таленты, рэалізаваць навуковыя і пазнавальныя цікавасці, закласці падмурак для будучай вучобы ва УВА.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.