×

Кожнае лета — новы бераг

31.08.2019 12:05,

Дабрачынны палатачны лагер “Новы бераг” ужо на працягу шэрага гадоў збірае пад сваім крылом падлеткаў Гомельшчыны, каб яны маглі адпачыць, пасябраваць і, канечне, даведацца шмат новага.

“Новы бераг” — гаваркая назва. Арганізатары спрабуюць з году ў год мяняць геаграфічнае месца лагера, каб яго ўдзельнікамі маглі стаць хлопцы і дзяўчаты з розных рэгіёнаў вобласці. Трэба адзначыць, што “Новы бераг” — гэта заўсёды сумесная праца Гомельскай абласной дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях” і раённых аддзелаў адукацыі.

Так, на працягу шэрага гадоў, пры садзейнічанні мясцовых органаў улады, такія лагеры рэгулярна базіруюцца на Дняпры ў пасёлку Камарын, што ў Брагінскім раёне. Право­дзіўся лагер і ў Лоеў­скім раёне. Гэтым летам быў абраны новы бераг — турбаза ў Старых Дзятлавічах Гомельскага раёна.

— У гэты летні сезон дабрачынны палатачны лагер для падлеткаў мы правялі ў партнёрстве з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Гомельскага райвыканкама на базе Цэнтра турызму і краязнаўства Гомельскага раёна, — расказвае кіраўнік абласной дабрачыннай арганізацыі “Лепшы шлях” Юрый Куніцкі. — Вельмі хочацца адзначыць наша плённае супрацоўніцтва з кіраўніком аддзела адукацыі, спорту і турызму А.Г.Кавалёвай, па ініцыятыве і падтрымцы якой гэты праект упершыню быў ажыццёўлены і ў Гомельскім раёне.

Сёлета “Новы бераг” сабраў больш як 40 дзяцей і падлеткаў, якія разам правялі пяць дзён. Штодня для іх праходзілі гульні, калектыўныя і асабістыя конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы. Усё гэта, безумоўна, са­дзейнічае выяўленню лідарскіх якасцей школьнікаў, дапамагае адкрыць і рэалізаваць іх таленты. Не абыходзіцца і без гутарак з псіхолагам, падчас якіх разглядаюцца спосабы правільнага вырашэння няпростых, уласцівых падлеткаваму ўзросту, жыццёвых сітуацый, а таксама пытанні здаровага ладу жыцця.

— Мы ўжо маем вопыт правядзення падобных лагераў, і кожны адрозніваецца ад папярэдняга не толькі геаграфічным становішчам, але і складам удзельнікаў, — тлумачыць начальнік лагера Андрэй Андржыеўскі. — Разумеючы складанасць работы з падлеткамі (а гэта ў асноўным дзеці з няпоўных сем’яў, некаторыя падлеткі знаходзяцца на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх), мы прыцягваем да працы валанцёраў з педагагічнай адукацыяй, трэнераў па турызме і спорце, а таксама творчых работнікаў, якія маюць прафесійныя здольнасці і хочуць падтрымаць удзель­нікаў лагера.

Юрый Аляксандравіч паведаміў, што “Новы бераг” завяршыў сваю працу ў летнім сезоне 2019 года, але шлях дабрачыннага лагера працягваецца да новых берагоў.

Наталля ЛУТЧАНКА.