×

Лепшы куток беларускай сімволікі

14.12.2019 12:04,

Радзіма пачынаецца з любові да той зямлі, на якой нарадзіўся і жывеш. Але проста любіць родную зямлю недастаткова. Неабходна ведаць гісторыю, культуру, знакамітых землякоў, запаветныя куткі — тое, чым славіцца родны горад, раён.

Выхавальнікі нашай установы стварылі ў кожнай групе тэматычныя куткі, дзе сабраны выявы беларускіх сімвалаў, фатаграфіі памятных месцаў Брагіна, лялькі ў нацыянальнай вопратцы, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, аўтарскія дыдактычныя гульні.

У рамках мерапрыемстваў Года малой радзімы ва ўстанове прайшоў агляд-конкурс “Лепшы куток беларускай сімволікі”, прысвечаны 95-годдзю з дня ўтварэння Брагінскага раёна. Удзельнікамі конкурсу сталі педагагічныя работнікі ўсіх узроставых груп. Асноўная яго мэта — абмен вопытам па стварэнні ўмоў для маральна-патрыятычнага выхавання дзяцей, выяўленне найбольш эфектыўных метадаў і форм работы ў гэтым напрамку, спосабаў узаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў.

Журы агляду-конкурсу ацэньвала насычанасць куткоў, разнастайнасць матэрыялаў, іх каштоўнасць для выхаванцаў. Было адзначана, што ўсе педагогі падышлі да працы творча, у кожным кутку была свая іскрынка. Па выніках абмеркавання было вынесена рашэнне, што кожная група становіцца пераможцай у пэўнай намінацыі. Выхавальнікі нашай установы працяг­ваюць працаваць над стварэннем умоў па фарміраванні ў дзяцей уяўленняў пра гісторыю роднага краю, па выхаванні любові да радзімы, развіцці пачуцця нацыянальнай годнасці і гордасці за прыналежнасць да культурных традыцый беларусаў. Але ніякія веды не дадуць станоўчага выніку, калі выхавальнік сам не будзе захапляцца сваёй краінай, сваім народам, сваім горадам.

Пачуццё любові да радзімы пачынаецца ў дзіцяці са стаўлення да сям’і, да самых блізкіх людзей. Менавіта бацькі на яркіх прыкладах свайго жыцця, сваёй працы дапамагаюць фарміраваць у дзяцей павагу да сямейных і народных традыцый, гордасць за свой народ і краіну. Беларусь пачынаецца з роднага дома, вуліцы, пасёлка ці горада. Вывучаць з дзецьмі месца, дзе жывеш, любіць гуляць па знаёмых вуліцах, ведаць, чым яны славяцца, — задача, якая цалкам па сілах бацькам. Так мы здолеем выхаваць сапраўдных грамадзян, бо на нашых дзяцей ускладаюць надзеі не толькі родныя, але і ўсё грамадства, уся краіна.

Таццяна ЛЕЎЧАНКА,
выхавальніца санаторнага ясляў-сада Брагіна.